
Колькасць дзяцей, якія засталіся без роднай сям’і, у нашай краіне вельмі значная. Прыярытэтны накірунак сучаснай сацыяльнай палітыкі ў адносінах да такіх дзяцей заключаецца ў пошуку форм і сродкаў іх сямейнага выхавання. У рэспубліцы праводзіцца мэтанакіраваная работа па пераводзе дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, на сямейныя формы ўладкавання. Асноўная задача тут — знайсці для кожнага такога дзіцяці сям’ю, у якой яно будзе надзелена клопатам, цяплом і ўвагай.
У Шаркаўшчыне па вуліцы Юбілейнай, 32 напрыканцы мінулага года ўзведзены новы будынак для арганізацыі дзіцячага дома сямейнага тыпу. Сацыяльна значымы аб’ект у нашым райцэнтры з’явіўся дзякуючы дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме, якая прадугледжвае будаўніцтва такіх дамоў па ўсёй краіне.
— Дзіцячы дом сямейнага тыпу ўзведзены сіламі будаўнічай арганізацыі “Шаркаўшчынская ПМК-68”, — кажа дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва райвыканкама Сяргей Каштальян, — па праекце, распрацаваным дзяржаўным прадпрыемствам “Інстытут Віцебсксельбудпраект”. Заказчыкам выступала наша ўпраўленне. Узвядзенне падобных аб’ектаў прадугледжвае свае аптымальныя тэрміны — не больш трох з паловай месяцаў. Спецыялісты і рабочыя ПМК-68 справіліся з пастаўленай задачай за тры месяцы. Крыніцамі фінансавання будаўніцтва дома з’яўляліся рэспубліканскі і абласны бюджэты, з якіх выдаткавана было грашовых сродкаў у памеры 1 мільярд 110 мільёнаў і 836 мільёнаў рублёў адпаведна.
Аб’ект уяўляе сабой непасрэдна мансардны дом з пяціпакаёвай кватэрай і ўсімі выгодамі (прыродны газ, вадаправод і каналізацыя) агульнай плошчай 129,6 квадратных метраў, а таксама гаспадарчую пабудову (гараж, пуня і хлеў). Усё гэта размешчана на зямельным участку плошчай 0,15 гектара.
Дарэчы, у доме праведзены ўнутраныя работы: пафарбаваныя падлогі, дзверы, лесвіца на другі паверх, паклеены шпалерамі сцены. На першым паверсе маюцца тры жылыя пакоі, кухня і раздзельны санвузел, на другім — яшчэ два жылыя пакоі і дадатковая прыбіральня. Наогул, усе памяшканні прасторныя, большасць акон выходзіць на паўднёвы бок, каб як мага больш у пакоі паступала сонечнае святло.
Як паведамілі нам у аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, зараз для працы па выхаванні дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, у пабудаваным дзіцячым доме сямейнага тыпу патрабуюцца бацькі-выхавальнікі. На дадзеную вакансію могуць прэтэндаваць муж і жонка або аддзельныя грамадзяне абодвух палоў ва ўзросце ад 25 гадоў. Між іншым, каб стаць бацькамі-выхавальнікамі не абавязкова мець педагагічную адукацыю. Дадзеная праца мае свае некаторыя асаблівасці. Так, бацькі-выхавальнікі працуюць дома, водзяць дзяцей у дзіцячы сад, школу, атрымоўваюць заробак ад дзяржавы, маюць аплочваемы водпуск — 56 каляндарных дзён. Час працы залічваецца ў агульны працоўны стаж. На перыяд працоўнага водпуску бацькоў для дзяцей арганізуецца летні адпачынак.
Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама праводзіць адбор і падрыхтоўку бацькоў-выхавальнікаў для прыёму на працу ў дзіцячы дом сямейнага тыпу. Калі ў вас ёсць значны жыццёвы і бацькоўскі вопыт у выхаванні дзяцей, вы можаце паспрабаваць сябе ў дадзенай прафесіі. Неабходна быць падрыхтаваным да таго, каб клапаціцца пра дзяцей, якія перажылі эмацыянальную траўму, гора ці страту.
Падарыце дзецям, якія пазбаўлены бацькоўскага клопату, цяпло сямейнага ачага! Будзем разам спадзявацца, што ў хуткім часе на вуліцы Юбілейнай, 32 у гарадскім пасёлку загучыць вясёлы дзіцячы смех.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.
