
9 лютага ў вялікай зале райвыканкама адбылося першае пасяджэнне раённага Савета аб’яднання прафсаюзаў пад кіраўніцтвам яго старшыні Ігара Віктаравіча Малюгіна. У рабоце пасяджэння прынялі ўдзел намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Ю. А. Васілеўскі, кіраўнікі і прадстаўнікі прафсаюзных арганізацый раёна.
І. В. Малюгін паведаміў прысутным, што ў канцы мінулага года Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі прынята рашэнне аб стварэнні ў кожнай адміністрацыйнай адзінцы краіны раённага аб’яднання арганізацыі прафсаюзаў з мэтай каардынацыі дзейнасці ўсіх галіновых прафсаюзных падраздзяленняў, што дазволіць больш эфектыўна і аператыўна рэагаваць на запыты працоўных.
Затым на пасяджэнні быў разгледжаны план работы Савета, які ўключаў у сябе выбранне намесніка старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў. Ім стаў Л. І. Зубовіч, які займае пасаду старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплекса. Выбраны таксама і прэзідыум Савета ў саставе пяці чалавек. У яго ўвайшлі: ад райкама прафсаюза работнікаў дзяржустаноў — Марыя Буткевіч, ад райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі — Наталля Баговіч, ад райкама прафсаюза работнікаў культуры — Аксана Сініца, ад райкама прафсаюза работнікаў медыцынскіх устаноў — Валянціна Хаданёнак і ад райкама прафсаюза работнікаў кансервавага завода — Алена Лаўрыновіч.
Падчас пасяджэння былі разгледжаны пытанні далейшай працы прафсаюзных арганізацый раёна. Асаблівая ўвага прысутных была звернута на правядзенне мерапрыемстваў, прысвечаных 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і мерапрыемстваў, якія запланавана правесці ў рамках Года моладзі ў нашым раёне з непасрэдным удзелам у іх прафсаюзаў.
Напрыканцы пасяджэння Ю. А. Васілеўскі пажадаў І. В. Малюгіну плённай працы ў вызначаным накірунку па абароне правоў працоўных.
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.
