У нядзелю на пляцоўцы каля Германавіцкага Цэнтра культуры і народных традыцый жыхары аграгарадка ад малога да вялікага, святкавалі Масленіцу. Гасцей свята прывітала старшыня Германавіцкага сельсавета Алена Рубін. Да сваіх суседзяў завіталі з віншаваннямі дырэктар ААТ “Ельня-Агра” Міхаіл Якімовіч і дырэктар Зоркаўскай БШ Мая Якімовіч.
Весела, ярка, запамінальна жыхары Германавіч праводзілі зіму. Яшчэ здалёк, на падыходзе да цэнтра, было чутно, як артысты з мастацкай самадзейнасці Германавіцкага ЦКіНТ клікалі ўсіх-усіх па-сяброўску сустракаць прыход доўгачаканай вясны.
Завіталі на ўдалую Германавіцкую Масленку тэатралізаваныя персанажы: матрошкі (Карына Сцепулёнак і Караліна Буткевіч), матуля баярыня (Лідзія Мядзелец), жонка Фрося (Вольга Сташкевіч) і яе муж Петрык (Пётр Касевіч), а таксама сяброўка Зося (Святлана Фурс), Вясна (Ксенія Філіпёнак).
Абрусам-самабранкай раскінуўся конкурс “Фірменны блін”, дзе прадстаўлялі свае кулінарныя пачастункі Германавіцкая ўрачэбная амбулаторыя, музей мастацтва і этнаграфіі імя Я. Драздовіча сумесна з бібліятэкай, ААТ «Княж» сумесна з Германавіцкай СШ, Велікасельская і Зоркаўская бібліятэкі. Столькі смакаты адразу толькі на выстаўках ды кірмашах і бывае, усё тут было, чым багаты стол беларуса ў масленічнае свята: і бліны з пылу, жару, і чай духмяны на зёлках, выпечка хатняя, мяса ды каўбасы. Ніводнае мерапрыемства ў аграгарадку не праходзіць без жартаў, конкурсаў і вясёлых тэатральных замалёвак. Менавіта апошнія надаюць непаўторны каларыт святу. Гэтаму пацверджанне пацешная і ў той жа час павучальная сустрэча Фросі і яе мужа Петрыка, якая выдатна павесяліла шматлікіх гледачоў. Прыгожа праспявала Наташа Арлоўская песню пра Масленіцу.
Майстры з Дома ганчара Сяргей і Ганна Рымдзёнкі наладзілі выставу сувенірнай прадукцыі, дзе можна было набыць вырабы, зробленыя майстрамі.
Напрыканцы традыцыйнага свята да гасцей завітала прыгажуня Масленіца, якая павіншавала ўдзельнікаў свята з надыходам вясны і заклікала ўсіх у карагод вакол чучала зімы.
Пасля завяршэння тэатралізаванай часткі ўсе госці і жыхары аграгарадка мелі магчымасць паласавацца блінамі. Якіх толькі начынак да іх не прыдумалі Таццяна Ганебная і Ірына Абламава, з згушчонкай, маслам, смятанай і варэннем. Было так весела і смачна, што галоўныя атрыбуты свята разляцеліся «на ўра».
Шчырую падзяку за спонсарскую дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства адміністрацыя ЦКіНТ выказвае дырэктару ААТ «Княж» Віктару Крыўко і дырэктару ААТ “Ельня-Агра” Міхаілу Якімовічу.
Сяргей ВЫСОЦКІ.

















