Першыя крокі ў прафесіі міліцыянера робіць лейтэнант міліцыі Андрэй Курэц

Актуальное

838Андрэй Курэц нарадзіўся і вырас у вёсцы Більдзюгі. У старэйшых класах разам з вучнямі наведваў раённы аддзел унутраных спраў, дзе праходзілі дні адчыненых дзвярэй. Намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Аляксандр Асятроў з цікавасцю расказваў вучням аб працы супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, аб тым, чым займаюцца тыя ці іншыя падраздзяленні, якія навучальныя ўстановы нашай краіны рыхтуюць будучых міліцыянераў, якая працэдура паступлення ў навучальныя ўстановы МУС. Мерапрыемствы выклікалі цікавасць у Андрэя.
У 2009 годзе ён скончыў Більдзюжскую СШ. І па накіраванні РАУС, паспяхова здаўшы цэнтралізаванае тэсціраванне, быў залічаны на факультэт міліцыі, кафедру адміністрацыйнага права і кіравання Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў. Абараніў дыпломную працу па ахове грамадскага парадку, вярнуўся ў родны раён і цяпер у званні лейтэнанта працуе ўчастковым інспектарам міліцыі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС, дзе на практыцы правярае правільнасць тэарэтычных высноў сваёй дыпломнай работы. Яшчэ ў час навучання ў акадэміі неаднаразова накіроўваўся на практыку ў Шаркаўшчынскі РАУС, таму і працу пасля заканчэння акадэміі пачаў ў знаёмай абстаноўцы.
— Вядома ж, лейтэнант міліцыі Андрэй Курэц яшчэ робіць першыя крокі па службе, якая ў органах унутраных спраў адна з самых складаных і небяспечных, — расказвае Аляксандр Асятроў. — Але малады супрацоўнік паступова ўнікае ва ўсе пытанні, знаёміцца з людзьмі.
— Што і казаць, без дапамогі больш дасведчаных таварышаў па службе проста нельга абысціся, — лічыць сам Андрэй. — Напрыклад, добрымі настаўнікамі з’яўляюцца Аляксандр Талапіла, Пётр Пачкоўскі і многія іншыя.
Такое прадуктыўнае ўзаемадзеянне маладых кадраў і вопытных работнікаў у райадзеле мае сваю шматгадовую гісторыю. Асабісты прыклад, парада, падказка, а дзесьці і перасцярога старэйшага дазваляюць маладому супрацоўніку лепш адаптавацца да працы на новым месцы, ўвабраць у сябе ўсё лепшае, напрацаванае калектывам гадамі.
У 2014 годзе ў горадзе Віцебску праходзіў конкурс маладых супрацоўнікаў МУС, дзе Андрэй Курэц атрымаў перамогу па стральбе з пісталета Макарава.
Адным з важнейшых накірункаў дзейнасці інспектара з’яўляецца работа з грамадзянамі, разгляд і вырашэнне іх скаргаў і заяў. Цяжар службы, рызыка заўсёды спадарожнічаюць працы маладога ўчастковага, які працуе дзеля спакойнага жыцця іншых людзей. Сваю працу ён любіць і лічыць яе вельмі цікавай.
Лейтэнант павіншаваў сваіх калег з надыходзячым Днём міліцыі і пажадаў моцнага здароўя, поспехаў па службе, імкнення ісці наперад і не спыняцца на дасягнутым.
Сяргей ВЫСОЦКІ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *