
Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі мы пагутарылі з дырэктарам УКП ЖКГ Валянцінам Францавічам Букам, каб даведацца, як спрацавала прадпрыемства ў мінулым годзе, якія планы і задачы перад камунальнікамі стаяць сёлета.
— Валянцін Францавіч, ваша арганізацыя — адна з буйнейшых у раёне і адказвае за шматлікія сферы жыццядзейнасці насельніцтва. Раскажыце, калі ласка, нашым чытачам, што было зроблена ў мінулым годзе?
— Калектыў камунальнікаў складаецца сёння з 280 чалавек, якія заняты ў шматлікіх галінах дзейнасці. У мінулым годзе намі завершана мадэрнізацыя каналізацыйна-помпавых станцый, што дазволіла перавесці іх работу ў аўтаматычны рэжым. Шмат праблем узнікала з набыццём запасных частак да старых аўтамабіляў-смеццявозаў і іх рамонтам. Таму напрыканцы мінулага года мы за ўласныя сродкі купілі новы аўтамабіль-смеццявоз КО-440-8 на шасі МАЗ-5337 з умяшчальнасцю 18 кубічных метраў. Выгада аказалася відавочнай, бо новы аўтамабіль замяняе адразу два старыя. У цэлым, аўтатрактарны парк нашага прадпрыемства ўкамплектаваны патрэбнай тэхнікай.
— Сёння вельмі актуальнымі з’яўляюцца пытанні эканоміі матэрыяльна-тэхнічных і энергарэсурсаў. Што ў гэтым накірунку робіць ваша арганізацыя?
— Мы грунтоўна працуем над зніжэннем затрат па выкарыстанні электрычнай энергіі. Дзеля гэтага праводзім мадэрнізацыю аб’ектаў камунальнага прызначэння, замену трансфарматараў, помпаў, устанаўліваем на электрарухавікі частотныя ператваральнікі, мяняем ацяпляльныя катлы. За мінулы год у агульным аб’ёме выкарыстання розных відаў паліва, 68 працэнтаў склалі мясцовыя віды — дровы і шчэпкі. Гэты паказчык таксама яскрава сведчыць пра эканомію энергарэсурсаў. Штогод праводзім замену не меней двух кіламетраў водаправоду і цеплавых сетак, што дазваляе скараціць выпадкі.
— Якія планы ваша арганізацыя паставіла перад сабой на бягучы год?
— Адной з галоўных нашых задач на 2015 год з’яўляецца завяршэнне работ па падачы ачышчанай пітной вады ў мікрараён меліяратараў. На дадзены момант праект па пракладцы водаправоду праходзіць экспертызу. Сёлета таксама плануем замяніць каля двух кіламетраў зношаных цепласетак на сучасныя ПІ-трубы ў аграгарадку Лужкі. Як і заўсёды будзем працаваць над зніжэннем сабекошту паслуг, якія аказваем насельніцтву, а зэканомленыя ад гэтага грашовыя сродкі накіруем на развіцце прадпрыемства.
— Валянцін Францавіч, станоўчыя вынікі ў рабоце любой арганізацыі становяцца магчымымі дзякуючы зладжанай працы ўсяго калектыву і асобных яго работнікаў. Назавіце нам прозвішчы лепшых вашых працаўнікоў?
— Адказных работнікаў, якія прафесійна спраўляюцца са сваімі абавязкамі, у нас многа. Таму адзначым тых, хто найлепш праявіў сябе ў мінулым годзе. Трактарыст Валерый Шышковіч сёлета стаў лаўрэатам Ганаровага звання “Чалавек года Шаркаўшчыны”. Ганаровай граматай Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ўзнагароджаны аператар кацельнай ПМК-51 Сяргей Рыдзіка. Ганаровыя граматы абласнога ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўручаны абрубшчыку сукоў Уладзіміру Буйку і вадзіцелю легкавога аўтамабіля Міхаілу Андзілеўку. Падзякамі старшыні раённага выканаўчага камітэта адзначаны слесар-рамонтнік кацельных Мікалай Лаўрыновіч, майстар участка цеплаэнергетыкі Генадзій Каланда і аператар кацельнай ПМК-51 Мікалай Вайцюль.
Нельга ў гэты перадсвяточны дзень не ўзгадаць нашых ветэранаў, якія шмат гадоў адпрацавалі ў камунальнай службе — Яўгеній Іванавіч Янчык, Уладзіслава Фёдараўна Аксючыц, Афанасія Пятроўна Каралёва, Алена Пятроўна Пачопка, Анатолій Аляксандравіч Шычко, Валянціна Мікалаеўна Гарбуз, Таццяна Міхайлаўна Хіхіч, Соф’я Усцінаўна Лаўрыновіч, Галіна Васільеўна Шастакова, Зінаіда Іванаўна Цітовіч, Уладзімір Рыгоравіч і Фаіна Макараўна Пруднікавы, Багдан Бенядзектавіч Бесякерскі, Васілій Іванавіч Някрасаў і іншыя.
— Валянцін Францавіч, якія будуць вашы пажаданні з нагоды прафесійнага свята работнікам прадпрыемства?
— Віншую ўвесь калектыў нашай арганізацыі, жадаю моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, шчасця, прафесійных поспехаў і новых працоўных дасягненняў!
Гутарыў Сяргей РАЙЧОНАК.



