30 сакавіка знакаміты беларускі мастак Алесь Марачкін (Аляксей Антонавіч Марачкін) адзначае свой 75-гадовы юбілей. Жыццёвы і творчы шлях гэтага чалавека непарыўна звязаны з нашым Шаркаўшчынскім раёнам. З вёскі Барсукі, што ў Лужкаўскім сельсавеце, паходзіла яго жонка-нябожчыца Ірына Сяргееўна. У гэтых мясцінах мастак пражывае ўлетку, удалечыні ад гарадской мітусні шукае новыя тэмы для сваіх творчых работ. Пра шлях у мастацтва Алеся Марачкіна расказвае навуковы супрацоўнік Германавіцкага музея культуры і быту Таццяна Катовіч:
— Пачатак творчасці Алеся Марачкіна прыпадае на 60—70-я гады мінулага стагоддзя. Яго раннія працы ўжо тады яскрава паказалі, што Беларусь атрымала мастака глыбока ўдумлівага, нацыянальна свядомага, які засяроджваецца на пытаннях адвечных і глабальных, на забытых і непазнаных старонках гістарычнага жыцця народа.
Алесь Марачкін працуе ў самых розных жанрах выяўленчага мастацтва. Найбольш вядомы шырокаму колу гледачоў яго партрэтны жывапіс. Сярод карцін гэтага жанру вылучаеца серыя партрэтаў выдатных дзеячоў гісторыі і культуры Беларусі: Язэпа Драздовіча, Міколы Гусоўскага, Рагнеды і іншых.
Прывабліваюць мастака і такія жанры жывапісу як пейзаж, нацюрморт, тэматычныя карціны. Ён вельмі шмат вандруе, збірае творы народнага мастацтва. На яго палотнах ажываюць народныя святы — Каляды, Купалле, Дажынкі. Алесь Марачкін адным з першых сярод мастакоў адлюстраваў на карцінах і Чарнобыльскую трагедыю, якая закранула яго родныя мясціны на Магілёўшчыне.
Адметнай старонкай творчасці Марачкіна з’яўляецца серыя маляваных дываноў, на стварэнне якой творцу натхняла багатая спадчына народных маляванак, што шырока выкарыстоўвалася ў сялянскіх хатах у сярэдзіне мінулага стагоддзя. Яшчэ большае ўражанне на мастака зрабілі маляваныя дываны Язэпа Драздовіча, якія ён сабраў падчас этнаграфічных экспедыцый па шляхах вандровак свайго папярэдніка. Назвы дываноў яскрава гавораць пра тое, што ствараліся яны з думкай пра лёс беларускага народа, яго гісторыю і сённяшні дзень: “Францыск Скарына”, “Ефрасіння Полацкая”, “Бацькаўшчына”. Намаганнямі Алеся Марачкіна ў 1982 годзе быў створаны музей у вёсцы Гарадзец. Зараз яго творы “Дарога на Ліпляны”, “Бацькава яблынька”, “Бяроза”, “Язэп Драздовіч”, “Кастусь Каліноўскі”, “Капліца ў Гарадцы”, “Іван-чай” экспануюцца ў Германавіцкім музеі культуры і быту. Запрашаем наведаць нашу ўстанову, каб бліжэй пазнаёміцца з творчасцю знакамітага земляка.
Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.
