Памяць Сяргея Канстанцінавіча Красоўскага назаўжды захавала трагічныя падзеі вайны

Актуальное

958Той дзень, 14 кастрычніка 1943 года, Сяргей Канстанцінавіч Красоўскі памятае да драбніц і сёння. У яго родную вёску Алашкаўшчына, якая размяшчаецца на мяжы сучасных Шаркаўшчынскага і Пастаўскага раёнаў, прыйшлі немцы. Усім жыхарам загадалі хуценька сабраць рэчы і прыхапіць з сабою жыўнасць з уласных падворкаў — свіней, птушак, кароў. На зборы адвялі роўна дзве гадзіны.
Пад пільнай аховай нямецкіх карнікаў падводы, на якіх рухаліся вяскоўцы з сваёй маёмасцю, спыніліся на начлег у вёсцы Антанова на Пастаўшчыне. Затым былі перасыльныя пункты ў Паставах, Гадуцішках і Лынтупах, адкуль, пасадзіўшы людзей у грузавыя вагоны, павезлі іх на чужыну. Так пачалося жудаснае бадзяжнае жыццё беларускіх остарбайтэраў, якое расцягнулася на два гады.
Спачатку давялося на працягу месяца прабыць у каранціне на тэрыторыі Польшчы. Потым дарослых разам з дзецьмі пераправілі ў Франкфурт-на-Майне, а пасля ў прыгарад Берліна. Пяць тыдняў жылі яны ў спецыяльна ўзведзеных для савецкіх палонных бараках. Маці хадзіла на працу, а Сяргей разам з малодшым братам Яўгенам заставаліся ў халодным, прыстасаванным для жылля памяшканні. Да працы дапускалі толькі з чатырнаццацігадовага ўзросту. Харчаванне было больш, чым дрэнным: з працы маці прыносіла бручку, яблычную лупіну і мерзлыя храпкі. Дзецям яшчэ дадаткова адзін раз у два дні выдзялялі па сто грамаў хлеба.
Бясплатную працоўную сілу, якой і з’яўляліся вывезеныя ў Германію на прымусовыя работы савецкія грамадзяне, пераправілі ажно на тэрыторыю Францыі. Тут Красоўскія пражылі амаль год. Сяргей Канстанцінавіч памятае, як маці працавала на заводзе па выпуску ваеннага ўзбраення. Сын таксама дапамагаў ёй з іншымі юнакамі і дзяўчатамі — выконваў пагрузачна-разгрузачныя работы. Неўзабаве іх перавезлі ў Страсбург, адтуль у Чэхаславакію. Жылі тут ў заможнага пана, працавалі па гаспадарцы.
Войскі Чырвонай Арміі вызвалілі савецкіх грамадзян з 8 на 9 мая 1945 года. Красоўскія разам з іншымі дабіраліся дадому і пешшу, і нават на валах, якія засталіся пасля разрабавання фермы чэшскага пана. На вызваленую тэрыторыю савецкай Украіны трапілі на франтавых вайсковых Студэбекерах. А родныя мясціны ўдалося ўбачыць толькі позняй восенню 1945 года. Вёска Алашкаўшчына не была спалена немцамі, захавалася сярод іншых і хата Красоўскіх. З фронту жывым вярнуўся тата, пакрысе пачалі ўсе наладжваць мірнае працоўнае жыццё.
З 1951 па 1954 гады Сяргей Канстанцінавіч праходзіў тэрміновую службу ў войску. Пасля дэмабілізацыі разам з татам яны вырашылі працаўладкавацца на машынна-меліярацыйную станцыю ў Новым Пагосце на Міёршчыне. У той час асушэнне забалочаных участкаў зямлі і ўвод іх для сельскагаспадарчых мэт толькі пачыналі набіраць свае абароты. Для працы патрабаваліся дужыя мужчынскія рукі. У 1960-х гадах адкрылася ПМК меліярацыі ў Шаркаўшчыне, дзе Сяргей Канстанцінавіч і адпрацаваў на аднакаўшовым экскаватары да свайго выхаду на заслужаны адпачынак.
У Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, які адзначаецца 11 красавіка, наш суразмоўца пажадаў прадстаўнікам свайго пакалення, хто прайшоў праз жудасныя выпрабаванні ў часы Вялікай Айчыннай вайны, здароўя і доўгіх год жыцця, а моладзі — ніколі не ведаць ваеннага ліхалецця, заўсёды заставацца патрыётамі і дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны.
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *