
Моцныя дажджы на гэтым тыдні ўнеслі пэўныя карэктывы ў работу шаркаўшчынскіх аграрыяў. У большасці гаспадарак прыпыніліся тэмпы падрыхтоўкі глебы і сяўбы яравых культур. Сугліністыя землі, якіх у нашым раёне большасць, не дазволілі працаваць на іх тэхніцы з-за вялікай пераўвільготненасці. А вось у адкрытым акцыянерным таварыстве “Жвіранка” мясцовыя хлебаробы не спыняюць працу ў непагадзь. Толькі на дзве-тры гадзіны пасля моцнага дажджу ў панядзелак тэхніка была вымушана спыніцца. Але ўжо напрыканцы дня сейбіты зноў рушылі на палеткі, бо землі тут пясчаныя і хутка падсыхаюць.
Трэба сказаць, што азімыя зерневыя ў “Жвіранцы” на плошчы 1.200 гектараў перазімавалі нядрэнна. Своечасова ўсе ўчасткі палёў падкормлены азотам. Крыху пашкоджаным пасля зімы выйшаў рапс — з 246 гектараў трэба будзе перасеяць яго каля 20 га.
У аддзяленні Каўшэлева мы сустрэлі галоўнага агранома гаспадаркі Анатолія Заляцілу, які агучыў некаторыя лічбы па веснавой сяўбе. Яравы клін у сельгаспрадпрыемстве сёлета павінен заняць 1.073 гектары. Пасеяць трэба 150 гектараў лёну, 200 — рапсу, 700 гектараў кукурузы, 50 — бульбы, пад аднагадовыя травы таксама адведзены пэўныя ўчасткі. Так як землі ў “Жвіранцы” пясчаныя, тут добра расце яравая пшаніца, якой плануецца засеяць 250 гектараў. З году ў год гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні піваварнага ячменю. Вось і сёлета завезена і вядзецца сяўба элітнага насення гатункаў “Бровар” і “Себасцьян”. Па словах галоўнага агранома, кожны дзень у сельгаспрадпрыемстве працуе больш трыццаці адзінак тэхнікі: на узорванні, культывацыі, унясенні арганічных угнаенняў, падборцы камянёў, баранаванні сенажацяў, сяўбе зерневых.
Каб упэўніцца ў гэтым, мы накіраваліся ў аддзяленне Більдзюгі. За цэнтральнай сядзібай гаспадаркі, ва ўрочышчы Валеўкава сядзіба, на 47-гектарнай плошчы вялі падрыхтоўку глебы на МТЗ-1221 у счэпе з камбінаваным агрэгатам АКШ-6,0 Дзмітрый Марозаў і на “Кіраўцы” з дыскатарам Алег Андруковіч. На другім ускрайку поля загортваў у падрыхтаваную глебу ячмень механізатар Станіслаў Кубліцкі на МТЗ-1221 у счэпе з сеялкай СЗТ-5,4. Своечасовы падвоз насення ажыццяўляў на ГАЗ-53 Тамаш Маляўка і яго памочнік Станіслаў Хмяльніцкі. За працэсам палявых работ ва ўрочышчы пільна сачыў брыгадзір Аляксандр Дзямідаў. Па ўсім было бачна, што хлебаробы “Жвіранкі” шчыра працуюць на палетках, каб мець восенню багаты ўраджай.
Сяргей РАЙЧОНАК.
