Сярод пятнаццаці лаўрэатаў Ганаровага звання “Чалавек года Шаркаўшчыны” па выніках працы за 2014 год ёсць і імя Валерыя Шышковіча — трактарыста ўчастка аўтатранспарта жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
— Вопытны механізатар, які валодае вялікімі практычнымі навыкамі ў сваёй галіне, — так ахарактарызаваў Валерыя дырэктар прадпрыемства Валянцін Францавіч Бука. Кіраўніцтва арганізацыі без лішніх разважанняў даручае яму любую работу, звязаную з транспартнымі перавозкамі. І не памыляецца, таму што сваю справу Валерый абавязкова выканае своечасова, якасна і хутка. На МТЗ-892 мужчына перавозіць шматлікія грузы: шчэпкі, трубы, дровы, смецце. Зімою чапляе на трактар лапату і расчышчае вуліцы раённага цэнтра ад снежных сумётаў.
Як і большасць хлопцаў, у дзяцінстве Валерый цікавіўся тэхнікай. Нарадзіўся ён у вёсцы Буды. Потым сям’я пераехала жыць у Амбросенкі, дзе юнак закончыў базавую школу, а потым паступіў у Глыбоцкае СПТВ № 168, каб атрымаць прафесію механізатара. Пасля вучобы адзінаццаць год шчыраваў ён у калгасе імя Даватара на трактары: апрацоўваў палеткі, развозіў арганіку, некалькі год запар быў задзейнічаны на ўнясенні ядахімікатаў у глебу.
А калі Валерый займеў сваю сям’ю, разам з жонкай Галінай яны пераехалі жыць у гарадскі пасёлак. Муж уладкаваўся на працу ў жыллёва-камунальную гаспадарку, а яго спадарожніца жыцця — ў Дэпартамент аховы. У сям’і падрастае дачушка Аляксандра, зараз яна вучыцца ў шостым класе. Валерый працуе на працягу дванаццаці год трактарыстам УКП ЖКГ. За сумленныя адносіны да выканання працоўных абавязкаў неаднаразова заахвочваўся грашовымі прэміямі, а таксама Ганаровай граматай упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама. Таму не дзіўна, што чарговай заслужанай узнагародай для Валерыя Шышковіча стала прысваенне яму Ганаровага звання “Чалавек года Шаркаўшчыны”.
Сяргей РАЙЧОНАК.
