
Якасна і прадукцыйна выканалі шэраг вясенне-палявых работ механізатары ААТ «Ельня-Агра» — узорванне, унясенне арганічных угнаенняў і мінеральных удабрэнняў, падрыхтоўка глебы, а таксама пасеў і пасадка культур. Ужо можна падвесці пэўныя вынікі і вызначыць лепшых. Так, на 30 красавіка Аляксей Іванавіч Малыш на агрэгаце “Палессе 250” з сеялкай “Лемкен” пасеяў 183 га, Аляксандр Мікалаевіч Мацкевіч на трактары МТЗ-82 з МТУ унёс мінеральныя ўдабрэнні на плошчы 633 га, Іван Іванавіч Шышковіч на трактары МТЗ-3022 з культыватарам КЧ-6,1 падрыхтаваў да сяўбы 380 га. Гэта лепшыя вынікі ў гаспадарцы. Намеснік дырэктара па вытворчасці Уладзімір Пятровіч Буда павіншаваў механізатараў з працоўнай перамогай.
— Механізатары ААТ «Ельня-Агра», — кажа ён, — сёння настроены на высокапрадукцыйную працу, працуюць старанна і адказна. А спрыяе іх поспеху многае: гэта і высокі прафесіяналізм, любоў да зямлі, і сялянская загартоўка. Механізатары вытрымліваюць цяжкія нагрузкі, якія выпадаюць на іх у час адказных сельскагаспадарчых кампаній.
Сяргей ВЫСОЦКІ

