
З 1 па 3 мая ў Расійскай Федэрацыі, а менавіта ў Нацыянальным парку “Смаленскае паазер’е” арнітолагі-аматары спаборнічалі ў бёрдынг-ралі (фотафіксацыя птушак на хуткасць за вызначаны прамежак часу) “Гуси-лебеди—2015”. Паспрачацца за першае месца прыехалі 10 камад-удзельніц з Маскоўскай, Цвярской, Смаленскай абласцей Расіі і адна каманда пад назвай “Бульбашы” з Беларусі. У яе склад увайшлі Сямён Левы — капітан (Барысаў), Максім Каласкоў (Мінск), Дзяніс Змачынскі (Дзяржынск) і наш зямляк Валерый Кавалёнак. Беларусы не ўпершыню ўдзельнічаюць у падобных спаборніцтвах і заўсёды займаюць прызавыя месцы.
Па ўмовах бёрдынг-ралі яго ўдзельнікі, стартаваўшы ўвечары, за 24 гадзіны павінны былі пераадолець шлях па Нацыянальным парку даўжынёй 150 кіламетраў і зафіксаваць на фотакамеру найбольшую колькасць відаў птушак. Маршрут быў распрацаваны такім чынам, каб ахапіць не толькі дасканала вывучаныя месцы, дзе ёсць выдатныя кропкі для назірання за птушкамі, але і ўчасткі, куды яшчэ не дайшлі вучоныя. Перад фотапаляўнічымі стаялі не толькі спартыўныя, але і навуковыя задачы — дапамагчы супрацоўнікам ў вывучэнні арнітафаўны Нацыянальнага парка.
Як расказаў Валерый Кавалёнак, на шляху ім сустракалася вялікая колькасць лясных, вадаплаваючых і каляводных птушак. Сярод іх былі чорны каршун, малы падорлік, вялікі вераценнік, чаглок, палявы лунь, беласнежны, сівы, малы і стракаты дзятлы. З чырванакніжных відаў — арлан-белахвост, змеяед, скапа, беркут, чорны бусел, белая курапатка. Цікава было бачыць, як ў адным гурце па паляне хадзілі шэрыя журавы і белыя буслы. У аб’ектыў фотакамеры беларускай каманды трапіў канарэечны ўюрок — від, якога да гэтай пары яшчэ не назіралі ў Нацыянальным парку.
Нягледзячы на тое, што на шляху ўдзельнікам спаборніцтва стаў дождж, гэта не перашкодзіла “бульбашам” сфатаграфаваць ажно 93 віды птушак, пры тым, што ўсяго каманды зафіксавалі 117 відаў.
Назіранні арнітолаў-аматараў дапамогуць супрацоўнікам Нацыянальнага парка ў далейшай рабоце па вывучэнні птушак рэгіёну. А самі ж удзельнікі бёрдынг-ралі атрымалі незабыўныя ўражанні ад спаборніцтва і сумеснага карыснага адпачынку. Віншуем Валерыя Кавалёнка і ўсю беларускую каманду з чарговай перамогай. Няхай сезон 2015 года прынясе ім шмат новых адкрыццяў.
Сяргей РАЙЧОНАК.

Маладзец, Валера!