Свае 85-гадовыя юбілеі адсвяткавалі два ветэраны — Уладзімір Фадзеевіч Кравец і Фёдар Іванавіч Накоўнікаў

Актуальное

намеснік старшыні райвыканкама М. Г. Ясюкевіч павіншаваў Ф. І. Накоўнікава з юбілеем і ўручыў яму грамату райвыканкама

У раёне не так ужо і шмат засталося ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, і вось так цікава супала, што двое з іх — Уладзімір Фадзеевіч Кравец з Верацеяў і Фёдар Іванавіч Накоўнікаў з Шаркаўшчыны адсвяткавалі свае юбілеі амаль што ў адзін дзень. Першы ў нядзелю 18 снежня, другі — на дзень пазней, 19 снежня. Цікава, што і юбілеі ў іх аднолькавыя — ім споўнілася па 85 гадоў. Абодва яны заслужылі права называцца ветэранамі вайны, бо  былі на фронце, удзельнічалі ў баях. Уладзімір Фадзеевіч адразу пасля прызыву быў накіраваны на фронт, служыў кулямётчыкам у стралковым палку. Асабліва запомніліся яму жорсткія баі з прыціснутымі да Балтыйскага мора ўласаўцамі напрыканцы вайны. Фёдар Іванавіч быў прызваны ў армію датэрмінова, да таго як споўнілася 18 гадоў, з Кубані. Служыў у палкавой разведцы, не раз рызыкаваў жыццём, быў паранены, пасля праходзіў службу ў танкавых войсках.
Абодвух ветэранаў павіншавалі са святам прадстаўнікі раённай улады, ветэранскай арганізацыі, калектываў, рабоце ў якіх прысвяцілі яны немалую частку свайго працоўнага жыцця, школьнікі. Юбілей Уладзіміра Фадзеевіча быў афарбаваны сумам. Справа ў тым, што верная спадарожніца яго жыцця жонка Вольга Іванаўна знаходзіцца ў бальніцы з сур’ёзным захворваннем. Адчуваецца, што Уладзімір Фадзеевіч з гэтай прычыны моцна перажывае. Будзем спадзявацца, што прыезд гасцей з райцэнтра: загадчыка справамі райвыканкама Юрыя Анатольевіча Васілеўскага, былога суседа Нікадзіма Якаўлевіча Протаса, старшыні прафкама КУВСП «Гарадзец» Ніны Іванаўны Глушонак, дзяўчат-школьніц з Верацееў хоць нямнога падбадзёрыў пажылога ветэрана.

Уладзімір Фадзеевіч Кравец са сваімі гасцямі

А вось жыццёваму аптымізму ў Фёдара Іванавіча Накоўнікава можна павучыцца і маладым. Свой юбілей ён сустрэў у вялікім доме, у якім жыве разам з сваёй жонкай, сынам і нявесткай. І дзень юбілею і да яго завіталі госці з віншаваннямі: намеснік старшыні райвыканкама Міхаіл Генадзьевіч Ясюкевіч, старшыня ветэранскай арганізацыі раёна Галіна Мікалаеўна Філатава, прадстаўнікі калектыву ДБУ-26, у якім шмат часу адпрацаваў юбіляр загадчыкам майстэрні, а таксама былы дырэктар Мікалай Васільевіч Косар. Добрымі сябрамі сталі для Фёдара Іванавіча дзесяцікласнікі Шаркаўшчынскай СШ №1 , яны часта наведваюць ветэрана, прапануюць дапамогу, размаўляюць, слухаюць яго расказы пра вайну. Канешне ж, наведалі яны яго разам са сваім класным кіраўніком Марынай Станіславаўнай Хахолка і ў гэты святочны дзень.

поўная хата гасцей была ў юбілейны дзень і ў Фёдара Іванавіча Накоўнікава

— Чалавек, які незалежна ад умоў, абставінаў імкнецца да работы, — падзяліўся Фёдар Іванавіч з гасцямі сваёй жыццёвай мудрасцю, — такі чалавек робіцца моцным. Ён створыць добрую сям’ю, дасягне дабрабыту і поспеху. Але абавязкова трэба працаваць, працаваць і працаваць.
Мы ў сваю чаргу віншуем паважаных ветэранаў з іх юбілеямі, а таксама з навагоднімі святамі. Жадаем і цяпер, у такім вялікім узросце, захоўваць тую мужнасць, якую паказвалі ў час суровых ваенных выпрабаванняў.
Андрэй БУРЭЦ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *