Самаму доўгаму дню ў годзе наканавана было стаць Днём усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай, у самую кароткую ноч 74 гады назад пачалася вайна… Далей па часе — не далей ад сэрца. Пакуты ахвяр, подзвігі абаронцаў Радзімы для Вялікай Перамогі.
Мітынг-рэквіем, прысвечаны Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны пад назвай “Шануем і памятаем” прайшоў 22 чэрвеня на плошчы Леніна ў гарадскім пасёлку.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Л. У. Стома, яе намеснік І. М. Шінкевіч, камісар райваенкамата А. В. Дубовік, першы сакратар Шаркаўшчынскага раённага камітэта БРСМ Ю. Л. Протас, настаўнікі і вучні з летніх лагераў СШ № 1 і СШ № 2, жыхары гарспасёлка, усклаўшы кветкі да помніка, аддалі даніну глыбокай павагі і памяці загінуўшым у гады вайны землякам і тым, хто аддаў сваё жыццё, вызваляючы ад ворагаў Шаркаўшчынскі раён.
У гэты дзень супрацоўнікамі раённага Цэнтры культуры быў падрыхтаваны паказ спектакля для дзяцей, у бібліятэках раёна былі арганізаваны кніжныя выставы на тэму Вялікай Айчыннай вайны, гераізму, мужнасці савецкага народа ў барацьбе за свабоду i незалежнасць. На выставах была прадстаўлена ваенна-патрыятычная літаратура вядомых беларускіх пісьменнікаў Максіма Танка, Янкі Брыля, Аляксея Пысіна, Алеся Савіцкага i многіх іншых майстроў мастацкага слова.
Адзначаючы Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, мы не забываем, што гэта трагедыя не адышла ў мінулае, яна вучыць нас берагчы мір.
Сяргей ВЫСОЦКІ.


























