Паклонныя крыжы спрадвеку ўсталёўваліся на ўездзе ў населены пункт з просьбай у Бога абараніць сілаю жыватворчага крыжа.
6 ліпеня, напярэдадні свята хрысціцеля Іаана Прадцечы, у аграгарадку Іёды быў усталяваны такі крыж. Спачатку адбылася святочная літургія ў Свята-Ільінскай царкве, затым урачыстым шэсцем жыхары аграгарадка здзейснілі хрэсны ход да месца, дзе усталяваны новы праваслаўны крыж, каля якога настаяцель царквы «Усіх Смуткуючых Радасць» Віктар Валашчук правёў малебен, асвяціўшы яго.
Прыхажанка мясцовай царквы Яўгенія Цітовіч лічыць, што многія вернікі, жыхары раённага цэнтра і аграгарадкоў усведамляюць, як гэта важна — захаваць праваслаўную веру, перадаць духоўныя каштоўнасці сваім дзецям і ўнукам. А таксама яна распавяла, што ініцыятарамі ўстаноўкі паклоннага крыжа і ахвярадаўцамі сталі праваслаўныя вернікі Свята-Ільінскай царквы. Працы па мантажы і ўсталёўцы правялі Уладзімір Лук’янёнак, Аляксей Баўтрушка і Мікалай Маціёнак. Садзейнічанне аказаў старшыня Іёдскага сельскага Савета Віктар Катовіч.
У пропаведзі каля крыжа айцец Віктар прамовіў:
— У адным з царкоўных песнапенняў ёсць словы: «крыж — захавальнік усяго сусвету, крыж — прыгажосць царквы, крыж — анёлаў слава і дэманаў язва». Цяпер і ў аграгарадку Іёды ёсць такі захавальнік, які будзе ахоўваць хрысціян ад бед і гора. Заўсёды памятайце, што кожны чалавек, хто просіць дапамогі перад крыжом, на якім быў укрыжаваны наш Збавіцель, атрымлівае дапамогу”.
Сяргей ВЫСОЦКІ.
Фота Сяргея ВЫСОЦКАГА





















