Шаркаўшчане на фестывалі народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”

Актуальное

удзельніцы аб’яднання “Стараверскія страпухі”
удзельніцы аб’яднання “Стараверскія страпухі”

З 12 па 14 чэрвеня гасцінная пастаўская зямля вітала гасцей і ўдзельнікаў фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”. Амаль кожны год сваё майстэрства дэманструюць на міжнародным культурным форуме і работнікі ўстаноў культуры нашага раёна. Сёлета на пляцоўцы “горада майстроў” працавалі раённы Цэнтр рамёстваў, Дом ганчара аграгарадка Германавічы і аматарскае аб’яднанне стараверскай кухні, гульні і абрадаў “Стараверскія страпухі” Більдзюжскага СДК.
Каб годна прадставіць свой рэгіён, культработнікі загадзя рыхтаваліся да ўдзелу ў свяце. Рамеснікі прывезлі з сабой вялікае мноства ўласных вырабаў, сярод якіх былі і ганчарныя, і тканыя, і плеценыя з лазы, і вырабы з саломкі, а таксама маляванка, дзіцячая лялька і так далей. Любы прадмет можна было набыць за невялікую суму грошай, таму і гандаль шаркаўшчынскіх майстроў ішоў бойка.
Свой, няхай яшчэ і невялікі, вопыт удзелу ў маштабных культурна-масавых мерапрыемствах маюць аматары стараверскіх кулінарных страў з Більдзюг. А на фестываль у Паставы яны прывезлі з сабой гульбішнікі, начынёнікі, сканцы, бабовыя катлеты і іншыя кулінарныя вырабы. Акрамя страў, жанчыны — удзельніцы аб’яднання — займаюцца яшчэ і вышыўкай. Многія госці з цікавасцю распытваліся пра тэхніку стварэння некаторых работ у іх аўтара Людмілы Ананіч.
Як і заўсёды, шаркаўшчынскія майстры вярнуліся дамоў поўныя цікавых уражанняў ад фестывалю, не толькі дзе пазнаёміліся з калегамі не толькі Віцебшчыны і Беларусі, але і падзяліліся ўласным вопытам стварэння мастацкіх вырабаў і кулінарных страў.
А. СУХАВЕРСКАЯ,
метадыст па фальклору РЦК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *