Няма ў нашым раёне чалавека, які б не чуў імя Уладзіміра Касцюкевіча. Спявак дасягнуў вышыні, пра якую мараць многія людзі, хто надзелены музычным талентам. Цяпер пра Уладзіміра ведаюць не толькі ў нас, але і ва ўсёй Беларусі. А паспрыяў гэтаму яго ўдзел у рэспубліканскім маладзёжным вакальным конкурсе, які праводзіла Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі “Новыя імёны для любімай краіны”, у якім шаркаўчанін стаў фіналістам. Пра тое, як наш зямляк дасягнуў творчых перамог і што гэтаму спрыяла, мы і пагутарылі з ім.
— Уладзімір, наколькі нам вядома, папулярнасць табе ў межах нашага раёна прынесла выступленне ў 2002 годзе на Яблычным Спасе ў Алашках. А першапачаткова з чаго ўсё пачыналася?
— Будучы навучэнцам Лужаснянскага аграрнага каледжа, выступаў у складзе студэнцкага ансамбля. Напэўна, з той пары я і захапіўся выкананнем песень. Пасля, вярнуўшыся ў родныя мясціны, выступаў у раённым Доме культуры, у сельскіх клубных установах. Дарэчы, дзякуючы песням і сцэне РДК, на адным з канцэртаў я і пазнаёміўся са сваёй другой паловай — жонкай Анжэлай.
— Роўна год таму адбыўся твой першы творчы вечар на сцэне раённага Цэнтра культуры. І на сёлетнім канцэрце ты таксама сабраў поўную залу гледачоў. Як ты сам ставішся да такой папулярнасці?
— Я наогул не ўспрымаю гэта як сваю папулярнасць. Мне проста вельмі падабаецца спяваць і дарыць песні людзям. Прыемна, калі ў зале аншлаг, калі для цябе гучаць апладысменты, а на тварах гледачоў ззяюць усмешкі. Тады варта выкладвацца на поўную сілу, каб цябе любіў слухач, а затым зноў і зноў прыходзіў на канцэрты.
— Карэспандэнты нашай газеты пільна сачылі за тваімі перамогамі ў конкурсе “Новыя імёны для любімай краіны” спачатку на раённым, затым на абласным этапах. Пра гэта мы паведамлялі на старонках “Кліч Радзімы”. Раскажы зараз, калі ласка, пра свой удзел у фінале конкурсу ў Мінску.
— Перад рэспубліканскім фіналам усе канкурсанты тры тыдні жылі ў Мінску. На працягу гэтага часу з намі працавалі прафесійныя выканаўцы, прадзюсеры, стылісты. Мне пашанцавала трапіць у каманду да спявачкі Вольгі Плотнікавай і кампазітара Генадзя Маркевіча. Яны і займаліся са мной, шліфуючы вакальныя дадзеныя, паводзіны на сцэне і іншыя элементы, якімі павінен валодаць артыст. Ганаруся тым, што ў час аднаго з заняткаў, акапэльна выканаў песню “Алеся” разам з Анатолем Ярмоленка. Пасля былі сумесныя выступленні канкурсантаў і прафесійных артыстаў на сталічных адкрытых пляцоўках 1 мая і ў Дзень Перамогі, а затым адбыўся фінал, дзе я выканаў песню Мікалая Наскова “Пропавшим без вести”. І хоць не пашанцавала стаць пераможцай, тым не менш, сам удзел у такім маштабным конкурсе, асабліва ў фінале, даў магчымасць для далейшай самарэалізацыі, адкрыў новыя творчыя гарызонты, пазнаёміў з новымі сябрамі. Але самае галоўнае, што я зразумеў: усё ў жыцці можна рэалізаваць, трэба толькі цвёрда паставіць перад сабой мэту і ўпэўнена крочыць да яе.
— Але ж без падтрымкі родных і блізкіх людзей, напэўна, цяжка дасягаць жыццёвых вышынь? Так?
— Заўсёды радуюцца маім поспехам тата з мамай Віктар Георгіевіч і Раіса Генадзьеўна. Каханая жонка Анжэла, якая працуе ў школе мастацтваў, пастаянна займаецца са мной вакалам. Дапамагае і цешча Вера Міфодзьеўна Шуман — таленавітая выканаўца і кіраўнік узорнага тэатра эстраднай песні “Маленькая фея”. Асаблівую энергію і жыццёвую падтрымку я атрымоўваю ад сваіх любых дачушак — старэйшай Дашы і меншай Ксюшы. Менавіта дзякуючы гэтым людзям хочацца жыць, займацца творчасцю і дарыць песні шаркаўшчынскім гледачам.
— Уладзімір, якія планы ставіш на будучае? Можа, пасля творчых поспехаў хочаш карэнным чынам змяніць прафесію?
— Ні ў якім разе. Прафесійная справа, якой займаюся ўжо многа год, мне падабаецца. А што да песень і музыкі — гэта хобі, якое назаўсёды будзе крочыць побач па жыцці са мной і маёй сям’ёй.
— Жадаем табе, Уладзімір, і надалей займацца любімай справай. Няхай твае творчыя планы і задумкі заўсёды здзяйсняюцца. А мы з нецярпеннем будзем чакаць тваіх наступных выступленняў і канцэртаў. Вялікіх поспехаў табе ў жыцці і невычэрпнай энергіі!
Гутарыў Сяргей РАЙЧОНАК.
