Штогод Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” дапаўняецца шматлікімі мерапрыемствамі на розны густ і інтарэс. Сёлета, напрыклад, упершыню па ініцыятыве Цэнтральнага камітэта БРСМ ладзілася інтэрактыўная экспазіцыя “Маладзёжнае падвор’е”. У яе межах ад кожнай вобласці і горада Мінска маладыя сем’і на спецыяльна адведзенай для гэтага пляцоўцы размясцілі свае гасцінныя падворкі.
Гонар прадстаўляць Віцебскую вобласць выпаў нашым землякам-шаркаўчанам — сям’і Рамановічаў з аграгарадка Радзюкі: Аляксандру, Вользе і іх старэйшай дачушцы Каці.
Папярэдне абмеркаваўшы, чым можна будзе здзівіць і ўразіць гасцей фестывалю, Рамановічы вырашылі аформіць сваё падвор’е ў яблычным стылі, які адпавядае брэнду нашага раёна. Гэта справа была за Аляксандрам. А Вольга і Кацюша займаліся прыгатаваннем прысмакаў і пачастункаў, у складзе якіх, дарэчы, таксама прысутнічалі яблыкі. Гэта і блінцы, і булачкі, і вялікі духмяны пірог, яблычны кампот, шарлоткі — ласункі на самы розны густ і смак. Жадаючых пачаставацца шаркаўшчынскімі прысмакамі сям’і Рамановічаў аказалася нямала: гэта і афіцыйныя дэлегацыі, і простыя гараджане, і госці фестывальнага Віцебска. Усім, што і казаць, даспадобы прыйшлася гасціннасць і шчодрасць нашых землякоў, бо яны не проста запрашалі адведаць тую ці іншую страву, але рабілі ўсё гэта каларытна, у вершаванай форме, апрануўшы беларускія нацыянальныя касцюмы.
Аляксандр і Вольга выказваюць удзячнасць за прадастаўленую магчымасць пабываць на міжнародным форуме ў якасці яго ўдзельнікаў райкаму БРСМ, аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённаму Цэнтру культуры і сельгаспрадпрыемству імя Маркава.
Зараз Рамановічы з нецярпеннем чакаюць новых запрашэнняў для ўдзелу ў будучых мерапрыемствах, каб годна і дастойна прадставіць сваю дружную, з’яднаную сям’ю — галоўны здабытак і багацце кожнага чалавека.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота Алены АНАНІЧ.

