
На працягу пяці дзён у межах міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” майстры традыцыйных рамёстваў Віцебскай вобласці, а таксама іншых рэгіёнаў нашай краіны, Расійскай Федэрацыі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Польшчы арганізавалі прыгожы і вельмі відовішчны “кірмаш рамёстваў”. Пра гэта нашым чытачам расказвае дырэктар раённага цэнтра рамёстваў Вікторыя Дубоўская:
— Жыхары і госці фестывальнага Віцебска з вялікай ахвотай наведвалі гандлёва-выставачныя рады, на якіх размяшчаліся вырабы майстроў нашага Цэнтра рамёстваў і Дома ганчара аграгарадка Германавічы. Нягледзячы на дрэннае надвор’е (часта ішоў дождж), жадаючых набыць шаркаўшчынскія сувеніры было шмат. Асабліва падабаліся яблыкі, зробленыя з гліны Сяргеем Рымдзёнкам. Лазовы кошык Паўла Казака, напрыклад, для сваіх фондаў набылі супрацоўнікі абласнога краязнаўчага музея. А вось шкатулку, зробленую Яўгенам Ананічам, старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў набыў і падарыў міністру культуры Расійскай Федэрацыі.
У выставачнай зале абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і адначасова ў краязнаўчым музеі праходзіў конкурс народнай лялькі “Забава-2015”. На ім былі прадстаўлены традыцыйныя лялькі не толькі Віцебшчыны, але і шматлікіх рэгіёнаў Беларусі, Расіі, Украіны і Латвіі.
У старажытнай Беларусі самымі распаўсюджанымі былі гліняныя пустацелыя лялькі, лялькі-свістулькі. Значнае распаўсюджванне мелі драўляныя лялькі, якія звычайна былі рухомыя — лялькі-каталкі і лялькі-арэлі. Выраблялі яшчэ і лялькі з саломы ў выглядзе людзей, жывёл, птушак. Менавіта такія, а таксама іншыя лялькі і былі прадстаўлены на конкурсе ў розных намінацыях. Найбольшая колькасць удзельнікаў была заяўлена ў намінацыі “лялька з тэкстылю” — 37 чалавек. Сярод іх паспрачацца за перамогу вырашыла і метадыст Шаркаўшчынскага цэнтра рамёстваў Ірына Груніна. На конкурс наша зямлячка прадставіла лялькі ў вобразе мужчыны і жанчыны, апранутых у мясцовы дзісненскі строй. Дадаткова яшчэ калекцыя лялек Ірыны размяшчалася на выставе ў краязнаўчым музеі. У выніку пасля доўгага абмеркавання членаў журы ў намінацыі “лялька з тэкстылю” Ірына Груніна заняла другое месца, уступіўшы толькі вопытнаму майстру з Лепеля. Як падкрэслілі спецыялісты абласнога цэнтра народнай творчасці, лялькі шаркаўшчынскага майстра прыцягваюць увагу вытанчанасцю вышыванага адзення, прадуманым падыходам да кожнага элемента ўбору.
Дадзены конкурс яскрава паказаў, што менавіта народныя лялькі развіваюць фантазію, уяўленне і густ дзіцяці, з’яўляюцца сродкамі эстэтычнага выхавання. А ў цяперашні час яшчэ выкарыстоўваюцца ў якасці аздаблення хатняга інтэр’еру, што нясе ў сабе элемент старажытнай творчасці нашых продкаў.
Сяргей РАЙЧОНАК.
