Сёння свой юбілей святкуе Людміла Іванаўна Падабед

Актуальное

338Людміла Іванаўна Падабед не з’яўляецца карэннай шаркаўчанкай, але гэта жанчына, якая адзначае сёння свой 75-гадовы юбілей, памятае, як развіваўся, будаваўся, пашыраўся і прыгажэў наш гарадскі пасёлак, бо жыве яна тут з 1969 года. У госці да Людмілы Іванаўны мы завіталі па просьбе яе былой калегі па працы Таццяны Уладзіміраўны Кавалёнак і старшыні раённага Савета ветэранаў Галіны Мікалаеўны Філатавай.
Нарадзілася юбілярка ў горадзе Вязнікі Уладзімірскай вобласці. У школе разам вучылася і сябравала з будучым лётчыкам-касманаўтам СССР, двойчы Героем Савецкага Саюза Валерыем Кубасавым. Закончыўшы тэхнічнае вучылішча, пайшла працаваць кранаўшчыцай на трактарны завод у Валгаградзе. На гэтым жа прадпрыемстве працаваў фармаўшчыком і яе будучы муж Аляксандр, з якім Людміла пазнаёмілася ў адным з турыстычных паходаў, арганізаваным кіраўніцтвам завода для працоўнай моладзі. Пасля непрацяглых спатканняў два адзінокія сэрцы аб’ядналі свае лёсы ў адзін, каб разам крочыць па жыцці, дзяліць беды і радасці пароўну. Бацькі мужа настойліва ўгаворвалі пераехаць жыць маладых на яго радзіму ў г. п. Сянно Віцебскай вобласці. Пасля некаторых разважанняў Людміла дала згоду. З бацькамі Аляксандра яны пражылі тры гады. А ў 1969 годзе трапілі ў Шаркаўшчыну, куды на далейшую працу быў пераведзены Аляксандр.
Людміла Іванаўна ўладкавалася спачатку сакратаром у раённы аддзел унутраных спраў. Затым працавала сакратаром-машыністам райвыканкама. Апошнія 15 год да выхаду на заслужаны адпачынак з’яўлялася страхавым агентам, а пасля ўзначаліла першую брыгаду аддзялення Белдзяржстраху па Шаркаўшчынскім раёне.
— Наша брыгада страхавых агентаў заўсёды займала першае месца сярод астатніх, — кажа калега Людмілы Іванаўны Таццяна Уладзіміраўна Кавалёнак. — Лідзіруючыя пазіцыі мы займалі дзякуючы ўмела пастаўленай рабоце нашага брыгадзіра. Кожнаму маладому спецыялісту, які прыходзіў на працу ў наша аддзяленне, Людміла Іванаўна дапамагала рабіць першыя крокі ў прафесіі, знаёміла са спецыфікай работы, пераконвала, што не трэба баяцца цяжкасцей, а ўпэўнена пераадольваць іх.
Вось так і цяпер, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, Людміла Іванаўна Падабед, нягледзячы на шматлікія складанасці, з аптымізмам крочыць па жыцці, з усмешкай сустракае на парозе дома гасцей, з душэўнай цеплынёй і пяшчотай чакае прыезду самых дарагіх свайму сэрцу людзей — сына Яўгена і ўнучкі Таццяны.
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *