На мінулым тыдні, як паведамлялася ў папярэднім нумары нашай газеты, на базе КУВСП “Гарадзец” прайшлі раённыя Зажынкі. Тады ж старшыня райвыканкама М. І. Баговіч рэкамендаваў у кожнай гаспадарцы правесці аналагічнае мерапрыемства, прытрымліваючыся старадаўніх беларускіх традыцый з запрашэннем святароў.
Наш карэспандэнт пабываў на Зажынках у ААТ “Буеўшчына”, “Агратэхсэрвіс” і “Даватарскі”. У кожным сельгаспрадпрыемстве арганізатары гэтага абраду аднесліся да яго правядзення з усёй адказнасцю. У ААТ “Буеўшчына” камбайнераў урачыста віталі і віншавалі з пачаткам жніва на хлебным палетку за вёскай Таўкіні і на мехдвары аддзялення Юдыцына. Работнікі ўстаноў культуры арганізавалі невялікі канцэрт з песнямі, музыкай і вершамі, у якіх славілі вясковых хлебаробаў. А протаіерэй Віктар Валашчук, прачытаўшы малітву, благаславіў працаўнікоў сяла на святую справу — жніво.
У ААТ “Агратэхсэрвіс” абрад Зажынкі праводзілі на полі каля вёскі Ручай. Дырэктар сельгаспрадпрыемства Міхаіл Кавалёнак пажадаў камбайнерам плённай працы і высокіх намалотаў. Галоўны эканаміст гаспадаркі Рэгіна Невярковіч азнаёміла з расцэнкамі і аплатай працы падчас правядзення жніва. Настаяцель Свята-Успенскай царквы Васілій Стрыжнёў акрапіў святой вадою хлебаробаў і тэхніку, прамовіў словы малітвы. А пад мелодыі баяна ўдзельнікі і госці ўрачыстасці пусціліся ў скокі, узнімаючы настрой перад пачаткам жніва.
Жніўныя песні спявалі і на пшанічным полі каля вёскі Пятровічы ў ААТ “Даватарскі”. Шмат добрых слоў гучала тут ад кіраўніцтва гаспадаркі і гасцей у адрас камбайнераў — галоўных герояў уборачнай кампаніі. Культработнікі віншавалі хлебаробаў песнямі пад гітару. Ксёндз Крыштаф Сілкоўскі па каталіцкіх канонах прачытаў малітву і правёў асвячэнне святой вадою камбайнераў, механізатараў, вадзіцеляў, якія будуць задзейнічаны на жніве.
Спякотнае, сонечнае надвор’е спрыяе хлебаробам, каб сёлета сабраць багаты і важкі каравай хлеба ўраджаю 2015 года.
Сяргей РАЙЧОНАК.












