
26 ліпеня ў раёне стратавала масавая кампанія па ўборцы зерневых культур. Аднак у пачатку тыдня тэмпы яе пачало стрымліваць дажджлівае надвор’е. Моцныя ліўні перашкодзілі хлебаробам на поўную сілу задзейнічаць камбайны для абмалоту выспеўшых участкаў азімай пшаніцы.
Калі з-за дрэннага надвор’я вымушана прастойваць тэхніка, то на зернесушыльных комплексах гаспадарак работа працягваецца. 2 жніўня мы пабывалі ў КУВСП імя Маркава, дзе на зернесушылцы працавала змена ў складзе аператараў Сяргея Лаўрыновіча і Уладзіміра Федаровіча. Мужчыны чакалі аўтамабілі пад загрузку пшаніцай з далейшай яе адпраўкай на Шаркаўшчынскі вытворчы ўчастак Глыбоцкага камбікормавага завода. А каб дарэмна не марнаваць час, яны займаліся ўборкай прылеглай тэрыторыі. Уладзімір, як мы даведаліся, працуе на зернесушылцы з моманту яе ўвядзення ў эксплуатацыю, Сяргей крыху менш. У другой змене задзейнічаны аператары Анатолій Федаровіч і Уладзімір Алянцэвіч. Усе яны прайшлі вучобу ў Віцебску і маюць адпаведныя пасведчанні аб допуску да работы.
На зернесушыльным комплексе ААТ “Дватарскі” ў гэты дзень таксама ішла адгрузка збожжа (пшаніцы) у лік дзяржзаказу. Як паведаміла нам загадчык склада Вольга Ардынская, па стане на 1 жніўня на Полацкі камбінат хлебапрадуктаў адпраўлена 196 тон пшаніцы, на Глыбоцкі камбікормавы завод — 161 тона.
Па папярэдніх прагнозах надвор’я ў жніўні чакаецца ад адзінаццаці да пятнаццаці дажджлівых дзён. Але будзем спадзявацца, што хоць і рэдкія пагодныя дні паспрыяюць уборцы збажыны і жніво сёлетняга года пройдзе ў тэрмін і без страт.
Сяргей РАЙЧОНАК.
