12 жніўня ў вялікай зале райвыканкама прайшлі 6 Пленум раённага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і 2 Пленум раённай ветэранскай арганізацыі.
Пачынаючы работу, старшыня раённага выканаўчага камітэта М. І. Баговіч указаў на сімвалічнасць таго, што пленумы маладзёжнай і ветэранскіх арганізацый праходзяць разам. Такім чынам забяспечваецца пераемнасць пакаленняў. У сваім выступленні перад прысутнымі Мікалай Ірынархавіч расказаў пра сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, выкананне паказчыкаў, даведзеных нашаму раёну, сітуацыю з інвестыцыямі, ход уборачнай кампаніі і іншае.
Аб арганізацыі і падрыхтоўцы выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь паведаміла начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Валянціна Вільгельмаўна Клімза. У прыватнасці, пра асноўныя этапы правядзення выбарчай кампаніі, якія праходзяць згодна з зацверджаным каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта. У прыватнасці, створана Шаркаўшчынская раённая камісія па выбарах, на тэрыторыі нашага раёна ўтвораны 22 участкі для галасавання. З 23 ліпеня па 21 жніўня ў краіне праводзіцца збор подпісаў ініцыятыўнымі групамі за вылучэнне ў кандыдаты на пасаду кіраўніка дзяржавы. Да 23 жніўня ўключна адбываецца вылучэнне ў склад участковых камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Аб ідэалагічным забеспячэнні падрыхтоўкі і правядзення выбараў Прэзідэнта Беларусь расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Людміла Уладзіміраўна Стома.
Пасля гэтага шляхам галасавання ўдзельнікамі пленумаў былі абраны 18 прадстаўнікоў раённай арганізацыі ГА “БРСМ” і 9 прадстаўнікоў раённай ветэранскай арганізацыі ў склад участковых камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Па словах старшыні раённага Савета ветэранаў Галіны Мікалаеўны Філатавай і першага сакратара раённага камітэта БРСМ Юліі Протас, імі сталі людзі з актыўнай грамадскай пазіцыяй, лепшыя маладыя прадстаўнікі працоўных калектываў.
Таксама адбылося пасяджэнне прэзідыуму раённай Савета ветэранаў. Перад пажылымі людзьмі па актуальных пытаннях выступілі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вера Барысаўна Жук, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Іна Вячаславаўна Прыстаўка, прадстаўнік УАЗ “Шаркаўшчынская ЦРБ” Карына Васільеўна Галай, участковы інспектар Шаркаўшчынскага РАУС Андрэй Сяргеевіч Курэц.
Напрыканцы мерапрыемства пажылыя людзі мелі магчымасць задаць хвалюючыя іх пытанні кіраўніцтву раёна.
Андрэй БУРЭЦ.
