Пэўныя нараканні выказваюць шаркаўчане і госці гарадскога пасёлка на стан асфальтабетоннага пакрыцця некаторых вуліц раённага цэнтра. Асабліва скардзяцца тыя, хто перамяшчаецца на ўласным аўтамабілі. Маўляў, пры яздзе па ямах і выбоінах хутка выходзяць са строю некаторыя вузлы і агрэгаты транспартных сродкаў. Пакрысе дадзеная праблема ў Шаркаўшчыне вырашаецца. Як доказ таму — нядаўна праведзены капітальны рамонт вуліцы Кірава.
Дарожнае пакрыццё гэтай транзітнай вуліцы з цягам часу не стала адпавядаць бяспечнаму руху транспартных сродкаў, а таксама перамяшчэнню пешаходаў. Сваю адмоўную ролю на стан дарогі аказалі земляныя работы па пракладцы газаправода і водаправода. Таму і было вырашана правесці капітальны рамонт дадзенай вуліцы райцэнтра.
Як паведамілі ў вытворча-тэхнічным сектары УКП ЖКГ, правядзенню рамонтных работ папярэднічала распрацоўка адпаведнага праекта Віцебскім абласным камунальным унітарным прадпрыемствам “Віцебскжылпраект”. Заказчыкам па аб’екце выступіла УКП ЖКГ гарпасёлка. Падрадчыкам па правядзенні рамонтных работ — ДРБУ-131 КУП “Віцебскдарбуд”. Тэхнічны нагляд праводзіла ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Шаркаўшчынскага раёна. Рамонт вуліцы Кірава пачаўся ў лістападзе 2014 года, а завяршыўся ў мінулым месяцы.
Зараз аўтамабілістам прыемна ехаць па абноўленай праезнай частцы дарогі. Для ўдзельнікаў дарожнага руху ўсталяваны новыя дарожныя знакі, асвятленне, а для зручнасці пешаходаў — тратуар. На правядзенне капітальнага рамонту дадзенай транзітнай вуліцы былі выкарыстаны грашовыя сродкі рэспубліканскага дарожнага фонду ў памеры 2 мільярды 186 мільёнаў рублёў. Дарэчы, фінансавыя паступленні ў дадзены фонд ідуць з дзяржаўнай пошліны за допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху, якая збіраецца з грамадзян падчас праходжання тэхнічнага агляду.
На дадзены момант распрацаваны і часткова аплачаны праект па капітальным рамонце вуліц Чырванадворская, Чырвоная Горка і Маладзёжная ў гарадскім пасёлку, правядзенне якога плануецца ажыццявіць у наступным годзе таксама за кошт сродкаў рэспубліканскага дарожнага фонду. Такім чынам, вуліцы нашага раённага цэнтра паступова будуць рэканструявацца, што дазволіць зручна і бяспечна перамяшчацца па іх і аўтамабілістам, і пешаходам.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота Сяргея ВЫСОЦКАГА і Алены АНАНІЧ
фотаздымкі з рэдакцыйнага архіву: пачатак рамонтных работ па вуліцы Кірава, лістапад 2014 года.