Камбайнер ААТ «Даватарскі» Юрый Ардынскі перасягнуў дзвюхтысячны рубеж!

Сельское хозяйство

IMG_4835Тыя чытачы раённай газеты, хто ўважліва сачыў за матэрыяламі пад рубрыкай “Перадавікі жніва”, бачылі, што на працягу ўсёй уборачнай кампаніі тон у лідарстве задавалі камбайнеры адкрытага акцыянернага таварыства “Даватарскі” — Юрый Ардынскі, Пётр Чарняўскі і Мікалай Ліпскі. Яны па чарзе выходзілі на першае месца ў раённым спаборніцтве.
На мінулым тыдні стала вядома, што Юрый Ардынскі на камбайне КЗС-1218 перайшоў у намалоце дзвюхтысячны рубеж. Па стане на 10 верасня камбайнер адправіў у засекі гаспадаркі 2 тысячы 35 тон зерневых і рапсу. З гэтай нагоды ў ААТ “Даватарскі” павіншаваць перадавіка завітаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Леанід Зубовіч. Ён выказаў словы вялікай удзячнасці камбайнеру за добрасумленную працу, пажадаў і на будучае не страчваць лідзіруючых пазіцый, а таксама ўручыў дыплом Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і грашовую прэмію.
Юрый Ардынскі ўсю працоўную частку свайго жыцця прысвяціў сельскай гаспадарцы. Пасля заканчэння Глыбоцкага СПТВ стаў працаваць механізатарам у былым калгасе імя Энгельса. Зараз гэта цэнтральнае аддзяленне ААТ “Даватарскі”. Ужо на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў Юрый, як толькі прыходзіць час жніва, садзіцца за штурвал камбайна і абмалочвае збажыну. Дарэчы, ён заўсёды знаходзіцца ў лідарах па намалоце не толькі сярод камбайнераў сваёй гаспадаркі, але і ў раёне.
— Сёлета ніводнага разу не падвяла тэхніка, — кажа Юрый. — Не было прастояў з-за адсутнасці гаручазмазачных матэрыялаў. Ды і надвор’е ў поўнай меры спрыяла хуткаму правядзенню ўборачнай кампаніі. За дзень у сярэднім намалочваў каля дваццаці бункераў, адгружаў па 80-100 тон збожжа ў кузавы аўтамабіляў. У адзін з дзён атрымалася сабраць ажно 125 тон зерня. Акрамя асноўнага заробку адміністрацыя гаспадаркі выплачвала за кожныя намалочаныя 500 тон па аднаму мільёну рублёў прэміі. Гэта для нас, камбайнераў, з’яўлялася важным стымулам для якаснай работы. Крыху цяжкавата трымаць першае месца, — усміхаецца Юрый, — моладзь не адстае. Але гэта і радуе, бо ёсць у гаспадарцы дастойная змена, якая не баіцца сялянскай працы, а, беручы прыклад з прадстаўнікоў старэйшага пакалення, — упэўнена спраўляецца са сваімі абавязкамі.
Сяргей РАЙЧОНАК.

837



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *