Конкурс прафесійнага майстэрства “Лепшы бібліятэкар года”

Актуальное

IMG_499515 верасня сваё прафесійнае свята адзначалі супрацоўнікі бібліятэк: бібліёграфы, бібліятэкары, кнігаведы і ўсе тыя, хто любіць кнігу.
У Дзень бібліятэк работнікі Шаркаўшчынскай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы сабраліся ў раённым Цэнтры культуры, каб павіншаваць калег са святам, падзяліцца вопытам, прадэманстраваць свае поспехі і творчыя дасягненні. А галоўнай падзеяй дня стаў конкурс прафесійнага майстэрства “Лепшы бібліятэкар года”. Яго ўдзельніцамі былі людзі творчыя і ініцыятыўныя, усебакова развітыя і камунікабельныя. У іх ліку Таццяна Брандзіна (аддзел абслугоўвання і інфармацыі Шаркаўшчынскай ЦБС), Наталля Другакова (Пялікаўская бібліятэка), Анастасія Цярпілка (дзіцячая бібліятэка), Ларыса Мядзелец (Верацееўская бібліятэка) і Марына Фёдарава (Навасёлкаўская бібліятэка).
Адна з характэрных рыс сучаснай бібліятэкі — масавая работа з насельніцтвам, якая павінна прывабліваць пастаянных і новых чытачоў. Таму пры ацэньванні конкурсных выпрабаванняў журы ўлічвала высокі ўзровень прафесіяналізму ўдзельніц, іх эрудыцыю, начытанасць, кампетэнтнасць, распрацоўку і ўключэнне аўтарскіх рашэнняў і нестандартных ідэй у прадастаўлены матэрыял, культуру яго афармлення.
Падчас конкурсу лепшыя бібліятэкары раёна дэманстравалі свае прафесійныя дасягненні ў конкурсе “Я і мая бібліятэка”, рэкламавалі гледачам кнігі і часопісы, адказвалі на пытанні краязнаўчай віктарыны “Наш край у агні пажарышчаў”, спрабавалі расказаць пра знакамітых людзей Беларусі ў конкурсе “Хто ёсць хто”. А адным з самых яркіх момантаў святочнай праграмы стала дэфіле літаратурных гераінь, падчас якога канкурсанткі з’явіліся перад гледачамі ў яркіх і выразных вобразах знакамітых персанажаў.
Ацэньвала выступленне ўдзельніц кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі дырэктар Шаркаўшчынскай ЦБС Алена Цімафееўна Фромертас, былы кіраўнік гэтай установы Валянціна Эдуардаўна Касевіч і старшыня прафсаюзнага камітэта Паліна Аляксандраўна Чарняўская.
У час конкурсных выступленняў удзельніцы імкнуліся паказаць, што бібліятэка — гэта не толькі цэнтр інфармацыйнага забеспячэння чытачоў, але і месца, дзе кожны з наведвальнікаў можа зняць груз пэўных жыццёвых праблем і проста адпачыць. Так, напрыклад, Ларыса Сцяпанаўна Мядзелец, бібліятэкар з вёскі Верацеі, разам з дзецьмі, што прыходзяць да яе за кнігамі, стварае цудоўныя работы з газетнай саломкі (адну з іх вы бачыце на здымку). А шматлікія мерапрыемствы, якія Анастасія Цярпілка праводзіць для наведвальнікаў дзіцячай бібліятэкі, заўсёды выклікаюць захапленне і далучаюць да кніг усё новых чытачоў.
Яркім момантам святочнай праграмы стала пасвячэнне ў прафесію некаторых супрацоўнікаў калектыву. Гэта Таццяна Хоміч, Анастасія Буда і Анастасія Цярпілка.
Каб павіншаваць работнікаў бібліятэчнай сферы са святам, на мерапрыемства завіталі намеснік начальніка аддзела рознічнага бізнесу ЦБП № 224 “ААБ Беларусбанк” Святлана Вячаславаўна Рудак і галоўны спецыяліст гэтага аддзела Ганна Эдуардаўна Ракоца. Яны павіншавалі прысутных з прафесійным святам, азнаёмілі іх з асноўнымі паслугамі, што на сённяшні дзень ААБ “Беларусбанк” прапануе сваім кліентам, і падарылі кнігу-фотаальбом “Перамога. Помнім і ганарымся”.
Напрыканцы сустрэчы намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Мар’янаўна Шынкевіч павіншавала ўсіх бібліятэкараў раёна з Днём бібліятэк, пажадала ім папаўнення кніжных фондаў і ўдзячных чытачоў, а таксама моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту ў кожнай сям’і і задавальнення ад абранай прафесіі.
А пераможцам конкурсу “Лепшы бібліятэкар 2015 года” стала Ларыса Мядзелец — ініцыятыўны і творчы чалавек, бібліятэкар Верацееўскай бібліятэкі, якая працуе на гэтай пасадзе няпоўныя 2 гады. І, як бачна па выніках конкурсу, гэта ў яе добра атрымліваецца.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

IMG_4905 IMG_4906 IMG_4911 IMG_4913 IMG_4916 IMG_4918 IMG_4923 IMG_4924 IMG_4925 IMG_4926 IMG_4927 IMG_4932 IMG_4934 IMG_4938 IMG_4939 IMG_4941 IMG_4947 IMG_4949 IMG_4950 IMG_4951 IMG_4952 IMG_4956 IMG_4973 IMG_4977 IMG_4986 IMG_4987 IMG_4990 IMG_4994 IMG_4998 IMG_5002



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *