Шляхі Ігната Буйніцкага. Пра жыццё і дзейнасць пачынальніка беларускага тэатра расказаў Кліменцій Арсенцьевіч Кожан

Актуальное

22 жніўня споўнілася 150 гадоў з дня нараджэння Ігната Буйніцкага, беларускага акцёра, рэжысёра, пачынальніка нацыянальнага прафесійнага тэатра.
Нарадзіўся Ігнат Цярэнцьевіч Буйніцкі ў фальварку Палівачы Празароцкай воласці (сучасны Глыбоцкі раён) у шляхецкай сям’і. Скончыў Рыжскае землямернае вучылішча, працаваў землямерам. А акцёрскую адукацыю атрымаў, наведваючы прыватную драматычную студыю ў Вільні. Раз’язджаючы па вёсках, знаёміўся з жыццём сялян, па ўспамінах сучаснікаў, ніколі не развітваўся ён з вялікім сшыткам, у які запісваў народныя песні, танцы, звычаі. Тэатральную дзейнасць пачаў з правядзення беларускіх вечарынак у сваім фальварку, у якіх прымалі ўдзел мясцовыя хлопцы і дзяўчаты. У 1907 годзе ён разам з дочкамі Вандай і Аленай, блізкімі сябрамі стварыў аматарскі калектыў. Канцэрты трупы набылі шырокі рэзананс, артысты ў сваіх выступленнях імкнуліся данесці да гледачоў прыгажосць беларускіх народных песень і танцаў. Там, дзе пабываў са сваімі артыстамі Ігнат Буйніцкі, узнікалі мясцовыя гурткі самадзейнасці: у Дзісне, Лужках, Язне, Празароках, Глыбокім. Поспех пераканаў яго ў неабходнасці стварэння прафесійнага тэатра. Летам 1910 года была сфарміравана пастаянная трупа, якая гастралявала па ўсёй Беларусі: Дзісна, Свянцяны, Паставы, Полацк, Капыль, Нясвіж, Клецк, Слуцк, Ляхавічы і іншыя гарады і мястэчкі. Ігнат Буйніцкі ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва трупай, фінансаваў яе на ўласныя сродкі. Быў ён і першым танцорам, выступаў у хоры, удзельнічаў у спектаклях, яго акцёрская ігра вызначалася жыццёвай і бытавой дакладнасцю, глыбокай самабытнасцю, тонкім гумарам.
«Як выйшаў Буйніцкі са сваімі танцорамі і сялянамі-беларусамі — дударом, цымбалістам і скрыпачом, — па-простаму паварочваючыся, дык гэта адразу прынялі ўсе з захапленнем. А калі Буйніцкі з дачкой пайшоў «Лявоніху», а за ім чарада хлопцаў з дзяўчатамі, як пачалі прытупваць, падскокваць, дык уся публіка — тысяч восем народу — як ударыла ў ладонькі, як закрычала «брава, брава, беларусы!» — так апісваў адзін з відавочцаў выступленне трупы Буйніцкага ў Пецярбургу.
Трупа Ігната Буйніцкага праіснавала да 1913 года і была распушчана з-за палітычнага ўціску і матэрыяльных цяжкасцяў. Арганізаваць новы тэатр перашкодзіла Першая сусветная вайна. У 1917 годзе Ігнат Буйніцкі стаў адным з ініцыятараў і старшынёй Першага таварыства беларускай драмы, з якога пазней узнік Беларускі дзяржаўны тэатр імя Янкі Купалы. У тым жа годзе ён трапіў на фронт, дзе 22 верасня 1917 года раптоўна памёр ад тыфу ў шпіталі каля мястэчка Гарадок. Яму было 56 гадоў. Пазней яго астанкі былі перазахаваны на цэнтральнай плошчы ў Празароках Глыбоцкага раёна, над магілай устаноўлены помнік. Памяць пра Ігната Буйніцкага жыве і сёння. У Празароцкай сярэдняй школе Глыбоцкага раёна ў 1982 годзе створаны яго музей. У Глыбокім яго імем названа вуліца. Пісьменнікі і паэты прысвячаюць яму творы. У вершы Уладзіміра Караткевіча «Шляхі Ігната Буйніцкага» ёсць наступныя радкі:
Слава Першых, якія сабой заплацілі
За айчыну і слова, племя і род
І душу аддалі, каб яна ажывіла
Мёртвы гліны камяк:
Свой родны народ.
К. КОЖАН,
в. Германавічы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *