
Сонца, пясок, спёка, загарэлыя дзяўчаты і хлопцы… Пляжны валейбол прыдумалі ў паўднёвых краінах, дзе шмат пляжаў і сонца свеціць цэлы год, там ён і набыў вядомасць. Ну а мы адставаць не жадаем, тым больш, што наша лета таксама спякотнае і дазваляе далучыцца да гэтага цікавага і захапляльнага віду спорту. У раёне ў апошнім месяцы лета традыцыйна праходзяць турніры па пляжнаму валейболу сярод мужчын і жанчын.
Спаборніцтва паміж жанчынамі, пра якое мы раскажам у гэтым

матэрыяле, працягвалася з 28 ліпеня па 25 жніўня і заняло 9 вечароў, у дзень праходзіла каля 5-6 гульняў. Удзельнічалі 10 каманд устаноў, прадпрыемстваў і гаспадарак раёна. Гэта каманды «Белаграпрамбанка» (Алена Курушка, Таццяна Асятрова), ААТ «Буеўшчына» (Ілона Недзведзь, Маргарыта Даргель), райспажыўтаварыства (Аксана Іванова, Надзея Канавалава), КУВСП імя Маркава (Наталля Вядун, Тамара Лук’янёнак), ДБУ-26 (Надзея Варона, Таццяна Буйка), «Беларусбанк» + ЦРБ (Анна Новікава, Алена Курыловіч), РАУС (Марына Шапалоўская, Ірына Грыгаровіч),

дзяржустановы (Рыма Іванова, Валянціна Лемяшэўская), ААТ «Агратэхсэрвіс» (Людміла Рагачэўская, Аксана Міронава, Яся Краснікава), ААТ «Княж» (Марына Фёдарава, Аксана Віткоўская). Каманды сустракаліся па кругавой сістэме, пры падліку ачкоў улічвалася таксама наяўнасць спартыўнай формы. Узровень удзельнікаў, вядома, адрозніваўся: хтосьці, асабліва тыя, хто пастаянна наведвае валейбольныя трэніроўкі, дзейнічаў на пляцоўцы лепей, хтосьці горш, але, зрэшты, гулялі жанчыны і дзяўчаты для ўласнага задавальнення і адпачынку. Пасля 9 напоўненых валейболам вечароў вынікі наступныя: пераможцамі сталі прадстаўніцы ААТ «Агратэхсэрвіс», другое месца за камандай ААТ «Княж», трэцяе за РАУС.
Змаганне ішло не проста так, а за сапраўдныя медалі, якія былі набытыя на абавязковыя ўзносы ўсіх каманд-удзельніц. Такія прыемна і на ганаровым месцы павесіць дома.

Шкада, вядома, што не вялікая колькасць гледачоў наведвае пляжныя баталіі. Бо калі адчуваецца падтрымка гледачоў, то і гуляецца нашмат больш азартна і цікава. Ну а калі б уручалі прыз самага лепшага балельшчыка, то яго без сумнення заслужыў бы Іван Пачкоўскі, які на працягу ўсяго турніру падтрымліваў каманду РАУС і таксама прыўнёс сваю лепту ў іх трэцяе месца, а на ўручэнні павіншаваў са здабытым у барацьбе ганаровым трэцім месцам.
Медалі і дыпломы ўручалі ўжо ў вечаровым сутонні. Галоўны суддзя спаборніцтваў Ігар Іваноў падзякаваў удзельніцам за іх спартыўны характар, праяўлены падчас валейбольнага марафону, бо не заўсёды і пагодныя ўмовы былі спрыяльныя, даводзілася гуляць і пры дажджы.

Пажадаў жыццёвых і спартыўных поспехаў і развітаўся да наступнага лета.
Андрэй БУРЭЦ
