Ала Іванаўна Каштальян і яе маленькія выхаванцы

Актуальное

Ала Іванаўна Каштальян і выхаванцы першай малодшай групы “Зорачкі”
Ала Іванаўна Каштальян і выхаванцы першай малодшай групы “Зорачкі”

Па словах вядомага амерыканскага псіхолага Рычарда Карлсана, “нават самы доўгі шлях пачынаецца з аднаго толькі крока”. Такі крок, які вызначыў усё далейшае жыццё, Ала Іванаўна Каштальян зрабіла звыш трыццаці гадоў назад, калі ўпершыню пасля заканчэння Магілёўскага педагагічнага вучылішча пераступіла парог дзіцячага садка і засталася ў гэтым чароўным свеце дзяцінства назаўсёды. Зараз яна выхоўвае, вучыць і развівае дзетак першай малодшай групы ў яслі-садзе № 1 нашага гарадскога пасёлка. Пад кіраўніцтвам Алы Іванаўны маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі вывучаюць навакольны свет, вучацца сябраваць, становяцца больш самастойнымі і раскрываюць свае асабістыя здольнасці.
Прафесія педагога дашкольнай установы — адна з самых патрэбных і неабходных у грамадстве і, у той жа час, адна з самых складаных. Замяніць 17 рознахарактарным малышам на цэлы дзень маму (а менавіта столькі дзетак уваходзяць у першую малодшую групу яслі-сада № 1), згадзіцеся, зусім няпроста. Названая прафесія ў сучасным свеце не з’яўляецца высокааплочваемай. І ўсё ж работа выхавальніка, на думку гераіні гэтага матэрыялу, павінна стаць прызваннем, і па-другому быць не можа. Як многа неабходна мець цярпення, вынаходлівасці і любові да дзяцей, каб іх зацікавіць і каб усё задуманае здзейснілася.
— Педагагічны такт, веданне дзіцячай псіхалогіі, спагадлівыя адносіны да хлопчыкаў і дзяўчынак, разуменне іх праблем і дабрыня — неабходныя якасці педагога дашкольнай адукацыі, — лічыць Ала Іванаўна Каштальян. — Работа з дзецьмі — кожны раз, у пэўнай ступені, экзамен. Маленькія выхаванцы адначасова і правяраюць цябе на трываласць, і, у той жа час, любяць і бязмежна давяраюць. Яны адкрытыя і шчырыя. Кожны малыш унікальны, са сваім характарам, тэмпераментам, асаблівасцямі выхавання ў сям’і. Знайсці падыход да кожнага і адначасова навучыць дзетак жыць у калектыве — у гэтым і заключаецца майстэрства педагога.
Самаму маленькаму наведвальніку першай малодшай групы “Зорачкі” 1 год і дзесяць месяцаў, старэйшым выхаванцам — каля трох гадоў. У час гульні яны развіваюцца і пазнаюць навакольны свет, на ўласным вопыце даведваюцца, як добра атрымаць дапамогу, калі яна так неабходна, вучацца сябраваць і не крыўдзіць слабых. А мудры і вопытны педагог Ала Іванаўна Каштальян імкнецца мала забараняць і шмат гуляць з дзецьмі. Працяглы час у адной групе з Алай Іванаўнай памочнікам выхавальніка працуе Валянціна Баляславаўна Цярэшка — надзейная і адказная жанчына з вялікім вопытам работы, якая цудоўна ладзіць з дзецьмі і з лёгкасцю знаходзіць падыход да кожнага асобнага малыша. І Алу Іванаўну Каштальян і Валянціну Баляславаўну Цярэшка, а таксама многіх іншых супрацоўнікаў дашкольных устаноў нашага раёна аб’ядноўвае адно — дзень за днём яны з радасцю аддаюць сваё сэрца дзецям і не ўяўляюць без гэтага свайго жыцця.
Вялікі практычны вопыт работы з дзецьмі набываўся не толькі на працоўным месцы. Ала Іванаўна Каштальян і яе муж Вячаслаў Іванавіч дастойна выхавалі траіх ужо дарослых дзяцей. Старэйшы сын Ігар працуе электрыкам Шаркаўшчынскага РЭС, дачка Таццяна пасля набыцця вышэйшай адукацыі працавала інжынерам у горадзе Полацк. Зараз яна ў дэкрэтным водпуску, займаецца выхаваннем маленькага сына Глеба. Малодшы сын сям’і Каштальян Андрэй працуе інжынерам-тэхнолагам на адным з прадпрыемстваў Мінска. Ала Іванаўна і Вячаслаў Іванавіч ганарацца сваімі дзецьмі і дапамагаюць выхоўваць паўтарагадовага ўнучка Глеба, якога вельмі любяць. А яшчэ ў рэдкія хвіліны сямейнага адпачынку Ала Іванаўна з задавальненнем вырошчвае кветкі — розы, гладыёлусы, рамонкі, многія іншыя прыгожыя расліны. Гэты прыемны занятак заспакойвае нервы і дазваляе пабыць у цішыні, каб потым з новымі сіламі пайсці на працу, дзе яе вельмі чакаюць маленькія гарэзлівыя “зорачкі”.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *