Жыццё пад пералівы школьнага званка

Актуальное

IMG_5993

Усе мы жывём у грамадстве сярод вялікай колькасці розных людзей. Некаторых мы проста сустракаем у вызначаны перыяд свайго жыцця і праз некаторы час забываемся пра іх. Але ёсць і такія, што  застаюцца ў памяці на доўгія гады, нават калі нашы жыццёвыя дарогі разыходзяцца. Сярод іх  —  нашы настаўнікі. Людзі, якія не проста перадаюць нам пэўныя веды па прадметах, але і аказваюць уплыў на фарміраванне нашага  светапогляду, вучаць нас, як трэба адносіцца да людзей, да сваёй працы, да сябе і  навакольнага свету.  У сувязі з гэтым настаўнік – вельмі адказнае “званне”, якое патрабуе пастаяннага самаудасканальвання, росту і развіцця.

Як ніхто іншы, гэта добра ведае заслужаная настаўніца Беларусі Алена Аркадзьеўна Мядзелец, якая звыш 30 гадоў выкладала матэматыку у Васюкоўскай і Іёдскай школах нашага раёна. Зараз Алена Аркадзьеўна ўжо на пенсіі, яна па-ранейшаму жыццярадасны, творчы, камунікабельны чалавек, шчодры на ўсмешку і жарт,  неабыякавы  да праблем  у сістэме адукацыі і  краіне ў цэлым. Напэўна, трэба вельмі любіць і дзяцей, і сваю працу, каб заставацца такой кожны дзень.

Нарадзілася Алена Аркадзьеўна у Іёдах, потым разам з бацькамі пераехала жыць  у Шаркаўшчыну, дзе і скончыла сярэднюю школу.

  • Мне вельмі пашанцавала, у маім жыцці былі настаўнікі, якія сфарміравалі мае адносіны да многіх школьных прадметаў, да школы і аказалі вялікі ўплыў на выбар будучай прафесіі – расказала нам Алена Аркадзьеўна. — Сярод іх Таццяна Ільінішна Крапошына, Мая Васільеўна Гінько, Тамара Рыгораўна Ігнацікава  – на гэтых прыгожых,тады яшчэ маладых жанчын нам, дзецям, хацелася быць падобнымі. Таму пасля заканчэння школы паступіла ў Віцебскі педагагічны інстытут, дзе і атрымала спецыяльнасць настаўніцы матэматыкі. Калі была на практыцы ў нашым раёне, пазнаёмілася з будучым мужам Вадзімам Андрэевічам Мядзельцам, які ў той час працаваў аграномам у былым калгасе “Шлях Леніна”.

Пачынала працаваць у Васюкоўскай школе, потым мужа перавялі  ў Іёды, і я, па волі лёсу , разам з ім вярнулася ў вёску, дзе нарадзілася. Вельмі ўдзячна педагогам, якія нас, у той час яшчэ зусім маладых настаўніц падтрымалі, паверылі ў нас, аказалі істотную метадычную дапамогу. Гэта Леакадзія Сяргееўна Лабуць, Сяргей Іванавіч Туркоў, Васілій Паўлавіч Махлаеў, многія іншыя таленавітыя людзі. Мы ўбачылі, што нам давяраюць і , дзякуючы таксама і  гэтым настаўнікам, мы сталі такімі, якія мы ёсць зараз. З працай у Іёдскай школе звязана ўся мая педагагічная дзейнасць, у гэтай навучальнай установе я адпрацавала да самай пенсіі.

У  Алены Аркадзьеўны было 5 выпускаў класнага кіраўніцтва.Сярод  яе вучняў —  урачы, інжынеры, юрысты, бухгалтары, многія іншыя таленавітыя людзі, якія дасягнулі значных вышынь у сваім жыцці і якімі настаўніца зараз вельмі ганарыцца.

За высокі прафесіяналізм і дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні дзяцей  А. А. Мядзелец атрымала шмат узнагарод, ганаровых грамат і дыпломаў, у тым ліку і званне заслужанай настаўніцы Беларусі. Яе уклад у развіццё сістэмы адукацыі нашага раёна  бясцэнны, але яшчэ больш значным з’яўляецца яе уклад у душы дзяцей, уменне ўбачыць у кожным з іх асобу, дапамагчы кожнаму самарэалізавацца і знайсці сваё месца ў жыцці.

Заўтра, 15 кастрычніка, у кругу сям’і і родных Алена Аркадзьеўна адзначыць свой чарговы юбілей. Жадаем ёй моцнага здароўя, шчасця , сямейнага дабрабыту і ўсяго найлепшага. Шчаслівы той, хто сустрэў на сваім шляху сапраўднага настаўніка, пра якога будуць памятаць і якому застануцца ўдзячнымі на ўсё жыццё.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *