
Пры узнікненні экстрэмальных сітуацый жыццё і здароўе чалавека напрамую залежыць ад аператыўнасці і рашучасці у прыняцці рашэнняў, а таксама ад зладжанасці дзеянняў тых людзей, якія імкнуцца ліквідаваць небяспеку. Прафілактычная работа з насельніцтвам праводзіцца ў гэтым накірунку не ўпершыню, у раёне рэгулярна арганізуецца вучоба з кадрамі, мэта якой – навучыць жыхароў нашага рэгіёна прафесійна, хутка і правільна прымаць рашэнні ў непрадбачаных сітуацыях, такіх як пажары, прыродныя катаклізмы, ваенныя дзеянні, радыяцыйная пагроза і гэтак далей.

12 верасня на базе Шаркаўшчынскай сярэдняй школы № 1 адбылася трэніроўка адміністрацыі пункта прыёму асабістага саставу па прыёму ваеннаабавязаных у склад тэрытарыяльных войскаў раёна. На тэрыторыі школы быў створаны умоўны пункт прыёму асабістага саставу. У рамках вучобы па грамадзянскай абароне “ваеннаабавязаныя” праходзілі асноўныя этапы па прыёму іх у тэрытарыяльныя войскі раёна. За правільнасцю правядзення ўсіх дзеянняў назіралі многія кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Першы намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Ірынархавіч Баговіч і намеснік ваеннага камісара Андрэй Вітольдавіч Дубовік падвялі вынікі мерапрыемства, адзначылі некаторыя недахопы, што былі вызначаны ў працэсе вучобы, падзякавалі ўдзельнікам і арганізатарам за належную падрыхтоўку.
Вольга СТАШЭЎСКАЯ
