Сучаснае грамадства немагчыма ўявіць без юрыста. Ні адзін дзяржаўны орган, арганізацыя або прадпрыемства не могуць абысціся без экспертызы, кансультацыі юрыста ці асабістага адваката. Ды і кожнаму з нас, згадзіцеся, хоць раз у жыцці патрэбна была юрыдычная дапамога. Кожны год у першую нядзелю снежня ў Беларусі адзначаецца дзень юрыста. У гэтым годзе гэта дата прыпадае на 6 снежня, а значыць заўтра сваё прафесійнае свята адзначаць усе, хто звязаў сваё жыццё з абаронай правоў, законаў і інтарэсаў грамадзян нашай краіны. Сярод іх юрысконсульт Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бальніцы Аксана Аляксандраўна Сініца.
Аксана — карэнная жыхарка нашага раёна, нарадзілася і вырасла ў Шаркаўшчыне. Пасля набыцця сярэдняй адукацыі паступіла ў Віцебскі прафесіянальна-тэхнічны каледж, які паспяхова скончыла і ў 2005 годзе пачала працаваць юрысконсультам Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бальніцы. Вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці правазнаўства атрымала ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Машэрава.
У абавязкі юрысконсульта цэнтральнай раённай бальніцы ўваходзяць падрыхтоўка юрыдычнай дакументацыі і кантроль за правільнасцю афармлення вялікай колькасці дакументаў, прававая ацэнка дагавораў і работа з кантрактамі, а таксама прадстаўленне інтарэсаў установы аховы здароўя ў судзе, калі ў гэтым узнікае патрэба. Асноўным правілам юрыста Аксана Сініца лічыць веданне дзеючых законаў, а галоўная перавага гэтай прафесіі ў тым, што яна заўсёды будзе запатрабавана ў грамадстве. Юрысты неабходны ў самых розных сферах дзейнасці. А значыць можна быць упэўненай у заўтрашнім дні.
— Лічу, што правільна абрала прафесію, — кажа гераіня гэтага матэрыялу. — І зараз вельмі ўдзячна за гэта сваёй маці Таццяне Фёдараўне Сауліч, якая заўсёды імкнулася, каб мы з сястрой атрымалі добрую адукацыю і знайшлі сваё месца ў жыцці, у тым ліку і правільна выбралі прафесію. Сястра Алеся, якая да выхаду ў дэкрэтны водпуск працавала таксама ў Шаркаўшчынскай ЦРБ, стала медыкам, яна — урач-тэрапеўт. Нездарма кажуць, што правільна выбраць прафесію — значыць знайсці сваё месца ў жыцці. І я з гэтым згодная. Напярэдадні прафесійнага свята віншую ўсіх сваіх калег-юрыстаў і жадаю ім моцнага здароўя, асабістага шчасця, поспехаў ва ўсіх справах і ўсяго самага найлепшага.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
