26 чэрвеня паўсюдна ў рэспубліцы адзначаўся Дзень моладзі. У Шаркаўшчынскім раёне да гэтай даты кожны год прымяркоўваюць правядзенне раённага фестывалю “Прыдзісненскія крыніцы”, на якім ушаноўваюць лепшых працаўнікоў сяла па выніках вясенняй пасяўной кампаніі, моладзь, выступаюць лепшыя калектывы аматарскай мастацкай творчасці раёна, ладзяцца выставы вырабаў народных умельцаў.
Сёлетні раённы фестываль пачаўся ў 11 гадзін з шэсця прадстаўнікоў працоўных калектываў, навучальных устаноў гарадскога пасёлка і раёна ад плошчы Леніна да парку райсельгастэхнікі. Сотні шаркаўчан у выстраенай калоне махалі сцяжкамі і паветранымі шарыкамі, дарылі святло сваіх усмешак і бадзёры настрой сустрэчным прахожым.
У парку гасцей сустракалі гандлёвыя рады, дзе да патрэб усіх жадаючых меліся тавары на самы розны густ: ад салодкіх прысмакаў да разнастайнай сувенірнай прадукцыі. Маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак запрашаў да сябе “дзіцячы кірмаш”, дзе можна было ўдосталь пазабаўляцца на паветраных атракцыёнах, пакатацца на катамаранах, набыць цацкі. У дарослых і дзяцей была магчымасць паспаборнічаць у нудлінгу — лоўлі рыбы голымі рукамі. Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігар Афанасьевіч Іваноў прапанаваў жадаючым праверыць свае сілы на магутнасць удару па спецыяльным снарадзе з электроннымі датчыкамі ў конкурсе “Волаты Шаркаўшчыны”. Наваполацкі клуб актыўнага адпачынку “Ferrata” запрашаў на страйкбол — спартыўную гульню з электроннай зброяй. Супрацоўнікі раённай бібліятэкі арганізавалі работу бібліядвору, дзе прапанавалі гасцям пазнаёміцца з навінкамі сучаснай літаратуры, у тым ліку творамі нашых шаркаўшчынскіх паэтаў і празаікаў, а таксама пачаставацца гарбатай у імправізаваным фіта-бары.
Шчырасць, гасціннасць і ветлівасць душы шаркаўчан заўсёды была і застаецца адметнай. Як доказ таму выстава работ па выніках пленэру вучняў Шпогскіх мастацкай і музычнай школ (Латвія) і Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў. Напярэдадні фестывалю шаркаўшчынскія юнакі і дзяўчаты былі ўдзельнікамі мастацкага пленэру ў Латвіі, а цяпер іх сябры з Прыбалтыкі наведалі наш раён, дзе таксама на працягу некалькіх дзён сумесна займаліся творчасцю. На фестывалі быў прадэманстраваны вынік іх работы — рознакаляровыя маляванкі і скульптуры з пенаблокаў.
Загучалі фанфары, і вядучыя аб’явілі пра ўрачыстае адкрыццё фестывалю “Прыдзісненскія крыніцы — 2016”. З прывітальным словам да шаркаўчан і гасцей свята звярнуўся старшыня райвыканкама М. І. Баговіч. Мікалай Ірынархавіч павіншаваў землякоў са святам, пажадаў ім выдатнага настрою і прыемнага адпачынку.
Як вядома, працоўныя рукі вясковых жыхароў ніколі не ведаюць стомы. Кіраўнікі і спецыялісты сярэдняга звяна, жывёлаводы і механізатары, аператары машыннага даення і паляводы — гэта людзі, ад якіх залежыць харчовая бяспека краіны. Па традыцыі перадавікі сельгасвытворчасці атрымалі з рук кіраўніка раёна Ганаровыя граматы.
З прывітальным словам да шаркаўчан са сцэны звярнуўся старшыня Вышскай воласці Даўгаўпілскага краю Яніс Пром. Ён шчыра падзякаваў за наладжанае сяброўства паміж нашымі рэгіёнамі. Латвійскі госць запэўніў, што міжкультурныя кантакты толькі пачынаюць развівацца і наперадзе яшчэ шмат цікавых задум, праектаў, якія абавязкова ўвасобяцца ў хуткім часе ў жыццё. Яніс Пром таксама ўручыў Мікалаю Ірынархавічу Баговічу падарунак ад латвійскіх сяброў.
Святочны настрой гледачам сваімі музычнымі і танцавальнымі нумарамі стваралі лепшыя калектывы мастацкай самадзейнасці гарадскога пасёлка і раёна. Павіншаваць шаркаўчан з Днём моладзі і Днём горада з песеннай праграмай завіталі ўдзельнікі эстраднай студыі Міёрскага раённага Дома культуры.
Чарговы фестываль “Прыдзісненскія крыніцы”, нягледзячы на вельмі спякотнае надвор’е, атрымаўся яркім і відовішчным. Усе прысутныя змаглі па-сапраўднаму адпачыць і атрымаць зарад пазітыўных эмоцый.
Сяргей РАЙЧОНАК.






























































































































