Канцэрт у аддзяленні кругласутачнага знаходжання людзей пажылога ўзросту і інвалідаў у вёсцы Дзікева

Актуальное

выступае дзіцячы ансамбль народных інструментаў
выступае дзіцячы ансамбль народных інструментаў

Жыць з хваробай — няпроста, тым больш, калі яна ўносіць значныя абмежаванні ў жыццядзейнасць чалавека. Адным лёсам наканавана стаць інвалідамі з дзяцінства, нараджэння, да іншых бяда прыходзіць з-за перанесенай цяжкай хваробы ці атрыманай траўмы. Людзям даводзіцца прывыкаць жыць з такім статусам у грамадстве.
У самым пачатку зімы, а менавіта 3 снежня, у многіх краінах свету праходзіць Міжнародны дзень інвалідаў. Гэта добрая нагода ўдзяліць увагу катэгорыі насельніцтва з абмежаванымі магчымасцямі, падтрымаць іх, паказаць, што яны не адны са сваёй бядой, што побач жывуць неабыякавыя людзі, да якіх у любы момант можна звярнуцца па дапамогу.
У аддзяленні кругласутачнага знаходжання людзей пажылога ўзросту і інвалідаў у вёсцы Дзікева створаны належныя ўмовы для пражывання састарэлых грамадзян з абмежаванымі магчымасцямі. Тут існуюць разнастайныя гурткі па інтарэсах. Заняткі на іх дазваляюць палепшыць стан свайго фізічнага і псіхілагічнага здароўя. Частымі гасцямі ў аддзяленні з’яўляюцца самадзейныя артысты са школ і ўстаноў культуры раёна. 3 снежня сваё музычнае і песеннае майстэрства пражываючым тут грамадзянам падарылі выкладчыкі і навучэнцы Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў.
Выкладчыца навучальнай установы Ала Міхайлава — вядучая канцэртнай праграмы — пранікнёна, з пяшчотай і цеплынёй выказала словы душэўнай падтрымкі, адрасаваныя людзям, якія прысутнічалі ў зале сярод гледачоў. Вядома, што добрая песня і настрой ўздыме, і сэрца сагрэе сваёй трапяткой мелодыяй. Хлопчыкі і дзяўчынкі весела танчылі, спявалі народныя песні. З цікавасцю прысутныя гледачы слухалі выступленні ансамбляў навучэнцаў, дзе дзеці ігралі на скрыпцы, цымбалах, баяне, гітары і іншых музычных інструментах.
Сярод пражываючых у аддзяленні грамадзян ёсць Іосіф Францавіч Абаровіч, які ў мінулым працаваў настаўнікам у Шаркаўшчынскай СШ № 1. Словы вялікай удзячнасці за выдатнае выхаванне, віншаванні з надыходзячымі навагоднімі святамі Іосіфу Францавічу адрасавала яго былая вучаніца Ала Міхайлава. А ў падарунак для свайго класнага кіраўніка і ўсіх прысутных жанчына выканала цудоўную песню.
Нельга пасаваць перад цяжкасцямі, здавацца ў палон складаным абставінам, трэба з упэўненасцю пераадольваць жыццёвыя перашкоды. Тады і здароўе будзе больш трывалым і выдатны настрой застанецца з кожным чалавекам назаўсёды. Гэтыя словы пацвердзілі шаркаўшчынскія артысты. Такой жа думкі прытрымліваецца і загадчык аддзялення Наталля Хрол, якая выказала шчырую ўдзячнасць гасцям за падораныя хвіліны радасці і запрасіла наведаць установу ў наступны раз, тут іх будуць чакаць з вялікім нецярпеннем.
Сяргей РАЙЧОНАК.

Было пра што пагутарыць Іосіфу Францавічу Абаровічу і Але Міхайлавай
Было пра што пагутарыць Іосіфу Францавічу Абаровічу і Але Міхайлавай


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *