Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, клубныя ўстановы і аматарскія аб’яднанні, якія працуюць на базе дамоў культуры і сельскіх клубаў, сумесна праводзяць работу, накіраваную на развіццё аматарскай мастацкай творчасці, фальклору, музычна-песеннага мастацтва.
6 снежня ўпершыню на базе Радзюкоўскага сельскага Дома культуры адбылася літаратурна-музычная вечарына “Радзюкоўскія сустрэчы”. Ініцыятарам яе правядзення стала ўдзельніца народнага аб’яднання “Світанак”, мясцовая жыхарка Людміла Ардынская. Гэту задумку падтрымалі насельніцтва, работнікі ўстаноў культуры і адукацыі аграгарадка. Дапамогу ў арганізацыі і правядзенні вечарыны аказалі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённы Цэнтр культуры.
Вёска Радзюкі мае сваю цікавую і багатую гісторыю, якую населены пункт адлічвае з 1825 года, калі ўладальнікам аднайменнага маёнтка быў знакаміты род шляхцічаў Бароўскіх. З тых часоў да сённяшніх дзён захаваліся 127-гадовы дуб, рэшткі вадзянога млына, асобныя часткі паркавых алей.
Вехі гісторыі, жыцця і працы продкаў цяперашніх жыхароў Радзюкоў гучалі ў вершах Людмілы Ардынскай, якія на сцэне чытала аўтар, вучні і яе сябры.
“Дзе панскі двор быў — волат-дуб стаіць
У дазоры ля нястомнае ракі.
Каронай узнёсся ўвысь, вакол глядзіць,
Як вартавы, пільнуе Радзюкі…”
Цёплымі, сардэчнымі словамі прысутных вітала старшыня культурна-асветніцкага Цэнтра імя Язэпа Драздовіча Ада Райчонак. Яна адзначыла, што вельмі карысна праводзіць такія сустрэчы, якія натхняюць людзей на далейшае развіццё творчых стасункаў. Заўсёды жаданымі і чаканымі гасцямі на любым культурным мерапрыемстве з’яўляюцца ўдзельнікі народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”. На вечарыне чыталі свае вершы, спявалі песні Кацярына Сосна, Міледзій Кукуць, Надзея Паляк, Ала Міхайлава, Святлана Клімза. А настаўніца Радзюкоўскай базавай школы Алёна Ворса разам з вучнямі прачытала вершы, напісаныя Ларысай Шпак і Людмілай Ардынскай.
Далёка за межамі нашага раёна і вобласці вядомы народны фальклорны калектыў “Купалінка” Каўшэлеўскага Дома фальклору. Самадзейныя артысты парадавалі прысутную публіку мілагучнымі песнямі. А ў танцы “Радзюкоўская лявоніха” яны закружыліся разам з гледачамі. Свае музычныя нумары прывезлі на свята Іван Гарбачонак і ўдзельнікі аматарскага аб’яднання “Душэўная ўтульнасць” раённага Цэнтра культуры.
Мясцовыя самадзейныя артысты таксама не засталіся ў баку. Народны клуб нацыянальнай кухні “Груца” славіцца, у першую чаргу, сваімі адмыслова прыгатаванымі кулінарнымі стравамі. Але, як аказалася на справе, жанчыны з гэтага аб’яднання яшчэ і выдатна спяваюць. У іх выкананні прагучалі песні на словы мясцовых аўтараў.
Мы пацікавіліся ў Людмілы Ардынскай, што стала штуршком для правядзення гэтага мерапрыемства?
— Ведаеце, я вельмі ўдзячна лёсу за тое, што яшчэ ў маладосці трапіла жыць у Радзюкі, — адказала нам суразмоўца. — Для мяне гэта вёска стала трэцяй радзімай. Першай я лічу Полаччыну, дзе нарадзіліся мае бацькі, другой — Глыбокае, дзе я вырасла. А на радзюкоўскай зямлі я пражыла большую частку свайго жыцця, пра што ніколі не пашкадавала. Таму вельмі важна, каб сённяшняе маладое пакаленне жыхароў аграгарадка праз падобныя мерапрыемствы цікавілася гісторыяй свайго краю, паходжаннем яго славутых землякоў, абрадамі і традыцыямі, характэрнымі для нашай мясцовасці. Лічу, што “Радзюкоўскія сустрэчы” менавіта гэтаму і спрыяюць, у чым я пераканана.
“Прыдзісненшчына — трэцяя радзіма,
Ты мне, як маці, шаркаўшчынская зямля,
У нялёгкі час лёс да цябе закінуў,
Мяне сагрэла, прытуліла, абняла.
Дала і хлеб, і дах, на вершы ты натхніла,
І боль, і радасць ты са мной перажыла.
Жыву я ўдзячная тром маім радзімам,
Што па іх сцежках па жыцці прайшла.”
Сяргей РАЙЧОНАК.





