15 снежня свой 90-гадовы юбілей адзначыла шаркаўчанка Аляксандра Гаўрылаўна Нікалаева. Нягледзячы на свой паважаны ўзрост, жанчына па-ранейшаму застаецца актыўнай, бадзёрай і жыццярадаснай. Не зважаючы на ўсе цяжкасці і выпрабаванні, якія выпалі на яе лёс, сваім аптымізмам і пазітыўнымі адносінамі да жыцця юбілярка паказвае прыклад усім, хто яе ведае. Яна заўсёды ў курсе падзей, радуецца і ганарыцца поспехамі сваіх дзяцей, унукаў і маленькай праўнучкі.
Родам Аляксандра Гаўрылаўна з Прачысценскага раёна Смаленскай вобласці. У наш гарадскі пасёлак яна трапіла пасля вызвалення з нямецкага канцэнтрацыйнага лагера ў Слуцку. Скончыла 7 класаў агульнаадукацыйнай школы.Непрацяглы час працавала дзяжурнай па пераездзе на чыгунцы, на працягу 10 гадоў была старшым касірам камбіната бытавога абслугоўвання, звыш 30 гадоў жыцця прысвяціла працы ў сістэме спажывецкай кааперацыі раёна, адкуль і пайшла на заслужаны адпачынак.
У дзень 90-гадовага юбілею, каб павіншаваць жанчыну з гэтай знамянальнай датай, з кветкамі, падарункамі і найлепшымі пажаданнямі прыехалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Уладзіміраўна Стома, старшыня раённага Савета ветэранаў Галіна Мікалаеўна Філатава і былыя калегі па працы. Шчырыя словы віншаванняў у адрас Аляксандры Гаўрылаўны прагучалі і ад прыхаджан храма “Усіх Смуткуючых Радасць” і асабіста ад настаяцеля прыхода гэтага храма айца Віктара Валашчука, за якія гераіня гэтага матэрыялу вельмі ўдзячная.
За сваё доўгае жыццё Аляксандра Гаўрылаўна выхавала двух сыноў, траіх унукаў, і зараз яны часта яе наведваюць. Пражывае юбілярка разам з сынам Мікалаем, які, будучы ўжо на пенсіі, клапоціцца аб сваёй маці. Пра падзеі вайны былая вязніца ўспамінаць не любіць. У якасці наказу маладому пакаленню заўважае: ніколі нельга забываць, якое гэта вялікае шчасце — жыць у міры.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
