Сям’я педагогаў — зараз не рэдкасць. Муж і жонка крочаць разам па жыцці, ды і прафесію адну выбралі. Яны дапаўняюць адзін аднаго, дапамагаюць, падтрымліваюць. Такія сямейныя дуэты ёсць, напэўна, у кожнай сярэдняй школе. У Лужкаўскай СШ працуюць нават тры сямейныя пары. І вось з нагоды Дня настаўніка давялося сустрэцца напрыканцы верасня з сям’ёй Крыўко — Анатоліем Уладзіміравічам і Зояй Міхайлаўнай.
Як высветлілася, абодва з Лужкаўскага сельсавета. Яны вучыліся ў Лужкаўскай СШ. Пасля заканчэння школы іх дарогі разышліся — паступілі вучыцца. І толькі пасля, на вяселлі сяброў (таксама педагогаў) Анатолій Уладзіміравіч і Зоя Міхайлаўна пазнаёміліся. Гэта быў 1987 год.
Зоя Міхайлаўна працуе настаўнікам матэматыкі 24 гады. Пасля заканчэння школы без роздумаў і ваганняў абрала дарогу ў жыцці. Паступіла ў Віцебскі педагагічны інстытут. Вучоба падабалася, бо Зоя любіла матэматыку. Пасля заканчэння ВНУ малады педагог вярнулася ў родную школу.
Пачынаць працу выпускніку інстытута заўсёды складана: маюцца тэарытычныя веды, не хапае вопыту, зусім няма практычнага ўмення. Але Зоі Міхайлаўне дапамагалі калегі — добра вядомыя настаўнікі. Жанчына хутка знайшла агульную мову з дзецьмі — дома, як кажуць, і сцены дапамагаюць.
Атрыманыя веды спатрэбіліся, каб заваяваць аўтарытэт у школьнікаў. У хуткім часе дзеці зразумелі, што ў іх выкладае выдатны настаўнік, хоць і малады. І бацькі адчулі, што іх дзяцей вучыць сапраўдны спецыяліст.
Анатолій Уладзіміравіч вучыўся ў Мазырскім педагагічным інстытуце. Маладому педагогу давялося папрацаваць ва Улінаўскай і Стральцоўскай школах. У Лужкаўскую СШ настаўнік прыйшоў 12 гадоў назад. Зараз Анатолій Уладзіміравіч выкладае працоўнае навучанне, чарчэнне і фізіку.
— Працоўнае навучанне — гэта важны прадмет, — дзеліцца думкамі настаўнік. — Асабліва для сельскіх школьнікаў. Мая задача — навучыць хлопцаў выконваць элементарныя віды работ, што абавязкова спатрэбіцца ў далейшым дарослым жыцці. Хачу адзначыць, што некаторыя выпускнікі — былыя мае вучні — выбіраюць такія прафесіі, дзе патрабуецца ўменне, атрыманае на ўроках працоўнага навучання.
Як высветлілася, Анатолій Уладзіміравіч вядзе гурток разьбы па дрэве. Уменне працаваць з драўнінай ён спасцігаў на адпаведных курсах у Кобрынскім тэхнікуме. І зараз працуе з дзецьмі — з малодшымі асвойвае геаметрычную і контурную разьбу.
— Уменне, атрыманае на ўроку працы, спатрэбіцца, калі не падумаеш, — гаворыць Анатолій Уладзіміравіч. — Напрыклад, мой цяперашні калега — былы выпускнік Сяргей Алексін (зараз працуе настаўнікам фізкультуры — аўт.) выказвае ўдзячнасць, за тое, што навучыў, як кажуць, “малаток у руках трымаць”. Малады настаўнік атрымаў у Лужках дом, дзе рамонт рабіў уласнымі сіламі. І як расказваў, не раз успамінаў з удзячнасцю школьныя ўрокі працы.
Для працоўнага навучання ў Лужкаўскай СШ створаны ўсе ўмовы. Ёсць спецклас са станкамі, маюцца перфаратары, электралобзікі, электрадрылі, шрубавёрты і інш. Лес выдзяляе лясніцтва, за што школьнікі аказваюць пасільную дапамогу ў пасадцы саджанцаў. Апрацаваць драўніну можна ў мясцовай гаспадарцы — дырэкцыя ідзе насустрач.
Вось так муж і жонка Крыўко працуюць у школе. Настаўнікі перадаюць свае веды і ўменне вучням. І ўласных дзяцей выхавалі годна. Старэйшая дачка Таццяна вучыцца на 5 курсе БДУІР — яна будучы інжынер-праграміст, эканаміст. Малодшая Анна першакурсніца БДМУ — дзяўчына рыхтуецца стаць урачом. Дзеці не пайшлі на педагагічную ніву, але прафесіі выбралі патрэбныя людзям.
І канешне, напярэдадні прафесійнага свята Зоя Міхайлаўна і Анатолій
Уладзіміравіч не маглі не адрасаваць сваім калегам з Лужкаўскай СШ, а таксама ўсім настаўнікам Шаркаўшчынскага раёна найлепшыя пажаданні.
— Шчасця, здароўя, сямейнага дабрабыту і поспехаў у працы, — такія словы сказала Зоя Міхайлаўна, — каб вы з радасцю ішлі на працу і з працы вярталіся ў добрым настроі.
— Няхай усё атрымліваецца ў педагогаў, — заявіў Анатолій Уладзіміравіч. — І каб збываліся мары. Каб дзеці радавалі бацькоў. І каб у працы з вучнямі вас пастання наведвала натхненне!
Аляксандр БАРЫЛА
