4 студзеня юбілей адзначыла Леаніла Сямёнаўна Жугер — заслужаная настаўніца, якая працавала ў Лужкаўскай сярэдняй школе.

Молодежь

IMG_7905 (Копировать)У кожнай навучальнай установе ёсць такія настаўнікі, якіх многія пакаленні вучняў заўсёды будуць успамінаць з пачуццём цеплыні і асаблівай удзячнасці. Вось і ў Лужкаўскай сярэдняй школе працавала раней і зараз працуе шмат таленавітых педагогаў, сапраўдных майстроў сваёй справы, дзякуючы дзейнасці якіх на працягу многіх гадоў школа паспяхова жыве і развіваецца. Сярод іх Леаніла Сямёнаўна Жугер,былая  настаўніца фізікі і намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, заслужаны настаўнік школ БССР, якая 4 студзеня адзначыла свой чарговы юбілей.

Трыццаць пяць гадоў свайго жыцця Леаніла Сямёнаўна прысвяціла працы ў Лужкаўскай сярэдняй школе. А лёс складаўся так, што былі розныя прапановы: і сакратар райкама камсамола, і дырэктар школы, і адказная пасада ў райкаме партыі, але прафесія настаўніка заўсёды была  на першым месцы. І таму ў працоўнай кніжцы  толькі  адзін запіс. У цэнтры  ўвагі Леанілы Сямёнаўны заўсёды былі дзеці: яна вучыла іх усім прамудрасцям дакладных навук, вяла кожнага па няпростаму шляху станаўлення асобы, перажывала са сваімі вучнямі хвалюючыя моманты перамог і разачараванняў. Вось і ў дзень юбілею самыя шчырыя  віншаванні і найлепшыя пажаданні  —  ад  іх, яе вучняў.

Нарадзілася Леаніла Сямёнаўна ў вёсцы Чарневічы Глыбоцкага раёна. Пасля заканчэння Празарокскай сярэдняй школы паступіла на фізічна-матэматычны факультэт Полацкага педагагічнага інстытута. Па размеркаванні   дзяўчына была накіравана ў горад Маладзечна (ў той час абласны цэнтр). Але амаль адразу маладога і перспектыўнага спецыяліста запрасілі на працу ў Лужкаўскую сярэднюю школу, якая ў той час з’яўлялася   эксперыментальнай, займалася  вытворчым навучаннем і была на добрым рахунку ў вобласці. Так Леаніла Сямёнаўна трапіла ў Лужкі, дзе па 32 гадзіны ў тыдзень выкладала фізіку і хімію ў старэйшых класах. А гэта некалькі паралеляў, цалкам укамплектаваных  вучнямі амаль што аднаго з настаўніцай узросту.Таму, безумоўна, пачатак працоўнага шляху быў  няпростым.  Але маладая мэтанакіраваная дзяўчына паспяхова спраўлялася з ускладзенымі на яе абавязкамі і ўжо ў першы год сваёй працоўнай дзейнасці была накіравана ў Мінск на вытворчыя курсы, дзе вывучала не толькі тэорыю, але і ваджэнне трактара і грузавой машыны. Там жа настаўніца атрымала правы кінамеханіка. Усё гэта потым спатрэбілас я ў школе, пасля заканчэння якой у дзяцей акрамя атэстата аб адукацыі былі правы трактарыста і  кінамеханіка. Для некаторых  гэта стала прафесіяй на ўсё жыццё.  На трэці год сваёй прафесійнай дзейнасці Леаніла Сямёнаўна стала намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце і ў далейшым адпрацавала на гэтай пасадзе 33 гады.

Звыш двух дзясяткаў гадоў гераіня гэтага матэрыялу  з’яўлялася дэпутатам сельскага Савета дэпутатаў, у 1981 годзе была ўдастоена звання “Заслужаны настаўнік школ БССР”. За высокі прафесіяналізм  і дасягнутыя поспехі  ў навучанні і выхаванні дзяцей на рахунку гэтай таленавітай жанчыны шмат  іншых узнагарод , ганаровых грамат і дыпломаў. І ўсё ж галоўнае дасягненне для заслужанага педагога – гэта поспехі яе вучняў. Бо кожны з гэтых даўно ўжо дарослых людзей прайшоў праз яе рукі і назаўсёды застаўся ў сэрцы, забраўшы з сабою часцінку яе душы.

Вось ужо 23 гады, як Леаніла Сямёнаўна на заслужаным адпачынку. Яна па-ранейшаму актыўны, адказны і мэтанакіраваны чалавек, разам з некаторымі сваімі землякамі  асабіста займалася добраўпарадкаваннем тэрыторыі вакол храма. Стваралі прыгожыя клумбы, саджалі кветкі, фарбавалі храм. І толькі зусім нядаўна настаўніца перадала свае абавязкі па азеляненні прыхрамавай тэрыторыі іншай жанчыне.

Зараз юбілярка пражывае адна, але яна не адчувае сябе адзінокай. Па-ранейшаму  ў госці прыязджаюць  родныя, сябры,  суседзі і проста знаёмыя. І, безумоўна, дзверы настаўніцкага  дома заўсёды адчынены для ўсіх яе вучняў, якія ад усёй душы віншуюць любімую настаўніцу з юбілеем і жадаюць ёй моцнага здароўя, бадзёрасці, упэўненасці ў заўтрашнім дні, шчасця і аптымізму.

Вось і ў дзень нараджэння да заслужанай настаўніцы завіталі госці – былыя калегі па працы, сябры і суседзі, а таксама педагогі Лужкаўскай сярэдняй школы.  Ад  імя раённага Савета ветэранаў педагагічнай працы і раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі старшыня раённага Савета ветэранаў педагагічнай працы Ядзвіга Баляславаўна Чарвінская павіншавала Леанілу Сямёнаўну з юбілеем, пажадала ёй усяго самага найлепшага, уручыла кветкі і падарунак.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.IMG_7876 (Копировать) IMG_7888 (Копировать) IMG_7891 (Копировать)



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *