Непрыкметна закончылася лета, вось ужо і першы месяц восені прайшоў. Дзеці зноў сустрэліся са сваімі школьнымі сябрамі, а бацькі… А бацькі мараць аб тым, каб іх сыны і дочкі былі здаровымі, а новы навучальны год прайшоў гладка. Галоўнае складаемае здароўя школьнікаў і іх поспехаў у вучобе — правільнае харчаванне. Чым і як карміць нашых будучых Ламаносавых, Мендзялеевых і Фецісавых, мы пацікавіліся ў раённага педыятра ЦРБ Святланы Леанідаўны МАГАЛІНСКАЙ.
Аб праблемах харчавання школьнікаў шмат сказана і пераказана. Толькі ад паўтору шкоды ніякай няма, а вось карысць можа быць істотная. Напрыклад, што вы ведаеце аб сутачным спажыванні кілакалорый васьмігадовым дзіцяці? Або якія прапорцыі ўжывання школьнікам тлушчоў, бялкоў і вугляводаў, калі ён займаецца спортам?
Для таго, каб правільна скласці рацыён школьніка, неабходна ўлічваць многія фактары і, безумоўна, фізічныя асаблівасці дзіцяці. Калі ў вашых сына або дачкі празмерная вага цела, абавязкова звярніцеся да ўрача. Так вы пазбегнеце памылак у складанні меню, якія ў дадзеным канкрэтным выпадку далёка не бяскрыўдныя. Безумоўна, без дапамогі спецыяліста нельга абыходзіцца і тады, калі школьнік паспеў нашкодзіць свайму страўніку. Калі ж ваша дзіця здаровае і яго школьная і спартыўная нагрузкі стандартныя — дастаткова ведаць і захоўваць агульныя нормы харчавання.
Усім вядома, што школьнік павінен атрымліваць такую колькасць ежы, якая не толькі кампенсавала б усе энергетычныя затраты арганізма, але і забяспечвала яго правільны рост і развіццё. Гэтыя затраты папаўняюцца бялкамі, тлушчамі і вугляводамі.
Бялкі — асноўны матэрыял, які выкарыстоўваецца для “будаўніцтва” тканак і органаў чалавека. Школьнікі, арганізм якіх пастаянна расце, маюць асаблівую патрэбу ў гэтым рэчыве. Пры недахопе бялку рост і развіццё дзіцяці запавольваюцца, зніжаецца супраціўляльнасць арганізма хваробам, пагаршаецца разумовая дзейнасць.
Тлушчы выкарыстоўваюцца арганізмам галоўным чынам у якасці энергетычнага матэрыялу. Школьнік павінен атрымліваць у суткі аднолькавую колькасць бялкоў і тлушчоў. Пры гэтым маецца на ўвазе тлушч, які дадаём у ежу (масла), а таксама той, што ўваходзіць у склад прадуктаў (малако, мяса).
Не варта перакармліваць дзіця тлустай ежай, бо надта вялікая колькасць тлушчоў прыносіць шкоду. Тлушчы могуць адкладвацца ў выглядзе запасаў у падскураной клятчатцы, пячонцы і іншых органах, а гэта прыводзіць да атлусцення дзіцяці і пагаршае работу яго сэрца і сасудаў.
Вугляводы знаходзяцца галоўным чынам у расліннай ежы — цукры, крупах, муцэ, садавіне і гародніне. Вугляводы неабходныя для работы мышцаў, сэрца, а таксама разумовай дзейнасці. Яны паляпшаюць засваенне арганізмам бялкоў, як бы эканомячы іх. Аднак, як і ў выпадку з тлушчамі, лішак вугляводаў ідзе на ўтварэнне тлушчу, які адкладваецца ў запас і вядзе да атлусцення.
У рацыёне школьніка абавязкова павінны прысутнічаць прадукты, якія ўтрымліваюць неабходныя для жыццядзейнасці вітаміны, мінеральныя солі і мікраэлементы: ёд, жалеза, фтор, кобальт, селен, медзь і іншыя.
Вітамінам А багатыя: морква, салодкі перац, зялёная цыбуля, шчаўе, шпінат, зяленіва, плады чарнаплоднай рабіны, абляпіхі, шыпоўніка.
Вітамін С утрымліваецца ў зяленіве пятрушкі і кропу, у памідорах, чырвоных і чорных парэчках, чырвоным балгарскім перцы, цытрусавых, бульбе.
Вітамін Е мы атрымліваем з пячонкай, яйкамі, прарошчанымі зярнятамі пшаніцы, аўсянымі і грэчневымі крупамі.
Вітамін В паступае ў арганізм з хлебам грубага памолу, малаком, тварагом, пячонкай, сырам, яйкамі, капустай, яблыкамі, памідорамі, бабовымі.
Суадносіны паміж бялкамі, жырамі і вугляводамі павінны быць 1:1:4.
Каларыйнасць рацыёну школьніка:
— 7—10 гадоў — 2400 ккал;
— 11—13 гадоў — 2400—2600 ккал;
— 14—17 гадоў — 2600—3000 ккал;
— калі дзіця займаецца спортам, яно павінна атрымліваць на 300—500 ккал больш.
Размеркаванне каларыйнасці на працягу сутак рэкамендуецца наступнае: снеданне — 25 працэнтаў, школьнае снеданне (або полудзень) — 10—15 працэнтаў, абед 35—40 працэнтаў, вячэра — 25 працэнтаў. Будзе правільна, калі, складаючы меню для дзіцяці, вы не будзеце паўтараць адны і тыя ж стравы на працягу дня і не больш 2—3 разоў за тыдзень.
Для снедання дома падыходзяць рыба, вараныя яйкі або амлет, катлета, тварог, кашы. І абавязкова якая-небудзь агародніна. У якасці піцця пажадана гарачае малако або кававы напітак на малацэ, сок.
На снеданне з сабой у школу можна даць бутэрброд з адвараным мясам або сырам. Можна прапанаваць узяць ёгурт, піражкі, булачкі. Восенню вельмі добра для гэтай мэты падыходзяць яблыкі, грушы, морква, агуркі. З напіткаў школьнік можа скарыстаць сок, кампот або чай.
Абед школьніка — максімальная колькасць агародніны, у тым ліку сыроў — у выглядзе салаты або венегрэту (можна з селядцом). На першае абавязкова павінен быць суп або боршч, на другое высокакаларыйная мясная або рыбная страва з гарнірам. На салодкае — сок, свежая садавіна, кампот са свежых або сухіх фруктаў, але не ў якім разе не з канцэнтратаў.
На вячэру можна даць стравы з тварагу, гародніны, яек і піццё.
Тэарэтычна ўсё зразумела, скажаце вы, а вось як на практыцы заставіць дзіцяці есці, напрыклад, капусту ці тварог, калі ён ад гэтага ўвесь час адмаўляецца? Безумоўна, гэта няпроста! Аднак існуе такая колькасць рэцэптаў і спосабаў прыгатавання таго ці іншага прадукта! Было б толькі жаданне і фантазія: паспрабуйце і ўбачыце, што сынок або дачушка абавязкова ацэняць вашы намаганні, а таксама смакавыя і харчовыя якасці тых страў, якія вы ім прапануеце.
Людміла ЛАТЫШОНАК
