Праблем у набыцці лекавых сродкаў не існуе. Актуальнае інтэрв’ю з загадчыцай цэнтральнай аптэкі № 102 Шаркаўшчынскага раёна Наталляй СВІЛЁНАК

Актуальное

У рэдакцыю раённай газеты ад жыхароў гарадскога пасёлка паступіла некалькі тэлефонных званкоў з просьбай даць тлумачэнне па наступнаму пытанню: у інтэрнэце і іншых сродках масавай інфармацыі ў апошні час з’явілася інфармацыя, згодна з якой змяніўся пералік лекавых сродкаў, якія ў аптэчных арганізацыях можна набыць без рэцэпта ўрача? За каментарыямі па хвалюючай для людзей тэме мы звярнуліся да загадчыцы цэнтральнай аптэкі № 102 Шаркаўшчынскага раёна Наталлі Раманаўны СВІЛЁНАК.
— Згодна з Пастановай Міністэрства Аховы Здароўя Рэспублікі Беларусь ад 03.02.2010 г. № 15 (у рэдакцыі Пастановы Міністэрства Аховы Здароўя Рэспублікі Беларусь ад 04.04.2011 № 29) існуе пералік лекавых сродкаў, якія могуць быць рэалізаваны без рэцэпта ўрача. Ён размяшчаецца (і заўсёды размяшчаўся) на інфармацыйным стэндзе ў кожнай аптэчнай арганізацыі, і ўсе жадаючыя могуць з ім азнаёміцца. У гэты спіс ўваходзіць некалькі сот лекавых найменняў, што знаходзяцца ў свабодным для грамадзян продажы. Фармацэўты і правізары маюць права іх прапаноўваць сваім наведвальнікам. Недахопу лекавых прэпаратаў у аптэках не існуе, праблема цалкам надуманая, і я не бачу ніякіх падстаў для хваляванняў. Але хачу яшчэ раз нагадаць жыхарам раёна, што самалячэнне да дабра не прыводзіць. У аснове амаль кожнага лекавага прэпарата — хімічныя рэчывы, бескантрольны прыём якіх не толькі не прынясе жадаемых рэзультатаў, але і  можа значна пагоршыць стан здароўя хворага чалавека. Неабходнае лячэнне можа назначыць толькі ўрач, пасля правядзення комплекснага абследвання пацыента.
— З наступленнем халадоў, звычайна, павялічваецца і колькасць захварэўшых. У аптэках у вялікай колькасці прадстаўлены шэраг лекавых сродкаў супраць прастудных захворванняў і грыпу. Ці могуць людзі набыць такія прэпараты без рэцэпта ўрача?
— Большасць лекавых сродкаў супраць прастуды і грыпу мы маем права рэалізоўваць без рэцэпта. Выключэнне складаюць прэпараты групы антыбіётыкаў. Іх прыём без рэкамендацыі ўрача недапушчальны. Пры элементарных праяўленнях прастудных захворванняў антыбіётыкі чалавеку не патрэбны, а пры ўстанаўленні дыягназу “грып” яны наогул не прынясуць ніякай карысці. У такім выпадку антыбіётыкі могуць толькі пагоршыць сітуацыю. Бо пасля прыёму гэтых лекавых прэпаратаў гінуць не толькі хваробатворныя, але і карысныя для чалавека мікробы, у выніку цалкам разбураецца мікрафлора арганізма.
— Ці можна ў аптэках нашага раёна набыць прэпараты, якія не карыстаюцца шырокім попытам сярод насельніцтва? Напрыклад тыя, што каштуюць вельмі дорага, або прымяняюцца для лячэння рэдкіх захворванняў?
— Кожны лекавы сродак з вышэй названых, калі яго няма ў продажы, можна заказаць у любой дзяржаўнай аптэчнай арганізацыі нашага раёна. Новыя паступленні лекавых сродкаў у аптэкі ажыццяўляюцца кожны тыдзень, загадчыкі ФАПаў атрымліваюць прэпараты па меры неабходнасці. А значыць, не пазней чым праз тыдзень, неабходнае лякарства будзе па просьбе пацыента дастаўлена ў аптэку. Такім чынам, праблем у набыцці лекавых сродкаў не існуе. Галоўнае, каб людзі не хварэлі. Беражыце сябе і сваё здароўе.
— Дзякуй за размову.
Падрыхтавала Вольга СТАШЭЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *