Паўстагоддзя ў страі, або Ленінградскі асілак палёў (трактары-легенды)

Сельское хозяйство

1984“Нам трэба мець аналагічны!”

З сярэдзіны 50-х гадоў у Савецкім Саюзе пачалося асваенне цалінных зямель. У той час па палях хадзілі гусенічныя трактары або трактары на жалезных колах. Канечне, на невялікіх палетках яны працавалі добра, але ж для цаліны плошчай 20-30 тысяч гектар гэтыя машыны былі велмі слабымі. Савецкай сельскай гаспадарцы не хапала магутнай сельгастэхнікі.

У 1959 годзе Генеральны сакратар ЦК КПСС Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў з афіцыйным візітам накіраваўся ў ЗША. Сярод шматлікіх прадпрыемстваў, якія наведаў лідар СССР, аказаўся і завод па выпуску трактароў маркі “Джон Дзір”. Трактар не на жарт вельмі ўразіў генсека памерамі, хуткасцямі, манеўровасцю. Як напамін пра той візіт Хрушчову падарылі фотаздымак “Джон Дзіра”. Вярнуўшыся на радзіму, генсек перадаў яго ў Камітэт абароннай прамысловасці, пры гэтым цвёрда сказаў: “Нам трэба мець аналагічны!”

Спецыялісты Камітэта абароннай прамысловасці пачалі вывучаць архіўныя дакументы, вучэбныя дапаможнікі па танках і аўтамабілях і прыйшлі да высновы: у амерыканскім трактары напрамак руху мяняўся за кошт ізлому двух шарнірна-сачлянённых палурам, на якія мацуюцца ўсе вузлы машыны. Разлікі паказалі, што такая схема павялічвала цягавае ўзмацненне. Адначасова павышалася праходнасць. Распрацаваныя на заводзе схемы новага трактара і разлікі адправілі ў Маскву. У сталіцы дадзены праект атрымаў адабрэнне.

Стварэнне легенды

Для распрацоўкі і вытворчасці быў выбраны ленінградскі Кіраўскі завод. Чаму менавіта гэта прадпрыемства? Тут працавалі сапраўдныя прафесіяналы. Ва ўсім Савецкім Саюзе толькі ленінградцы мелі вялікі вопыт выпуску магутнай тэхнікі. Прадпрыемства яшчэ ў 1924 годзе змагло наладзіць выпуск трактароў “Фордзон-Пуцілавец”, так неабходных вёсцы. А ў гады Вялікай Айчыннай вайны спецыялісты завода практычна на лініі фронта сабіралі і рамантавалі бронетэхніку.

У канцы 50-х — пачатку 60-х гадоў канструктарскае бюро працавала ў засакрэчаным рэжыме. Ім кіраваў Жозэф Коцін — адзін з заснавальнікаў знакамітых танкаў КВ (Клім Варашылаў) і ІС (Іосіф Сталін). Для стварэння трактара новага пакалення ён пашырыў бюро — стварыў аддзельнае канструктарскае падраздзяленне. Работа ішла ў тры змены. 45 заводаў, шматлікія навуковыя інстытуты, праектныя і канструктарскія арганізацыі ў Ленінградзе і іншых гарадах дапамагалі ў стварэнні трактара. Яны аб’ядналі 7405 дэталяў у адну машыну. У выніку атрымаўся нябачны да гэтага часу асілак К-700: даўжыня — сем метраў, вышыня — больш трох, вага — адзінаццаць тон. Здзіўлялі і тэхнічныя характарыстыкі. Для параўнання: конь у плузе рухаецца з хуткасцю тры кіламетры ў гадзіну. Гусенічныя папярэднікі “Кіраўца” разганяліся да шасці кіламетраў у гадзіну і апрацоўвалі паласу шырынёй да трох метраў. А вось К-700 рухаўся з хуткасцю дзесяць кіламетраў у гадзіну, пры гэтым апрацоўваў зямлю шырынёй шэсць метраў.

Завадчане рыхтаваліся выпусціць адразу 12 вопытных узорных мадэляў. Над кожнай працавала аддзельная брыгада. Паміж імі аб’явілі спаборніцтва па хутчэйшай зборцы. Пераможцу ж давалі права праехаць па адым з цэнтральных праспектаў Ленінграда.

Першы з дынастыі “Кіраўцаў”

І вось нарэшце 13 ліпеня 1962 года ў 5 гадзін 30 хвілін быў створаны К-700. Першым вадзіцелем стаў слесар Сяргей Катыкін. Хаця атрымалася гэта выпадкова.

Далёка наперадзе ішла тады брыгада Пілатава. У яго ўжо быў гатовы “Кіравец”, і ён хацеў выехаць першым за цэхавыя вароты. Завёўся, рэзка стартануў і ледзь не знёс будку, дзе сядзеў старшы майстар. Рабочыя трактар падрамантавалі і Пілатаў зноў здзейсніў спробу выезду, але і на гэты раз урэзаўся ў металічную агароджу. На трэці раз кіраўніка брыгады ў кабіну не пусцілі.

Гэта быў першы ў СССР калёсны трактар пяціцягавага класу, які палажыў пачатак дынастыі трактароў “Кіравец”. К-700 мелі мгутнасць рухавіка 220 конскіх сіл і маглі працаваць з шыроказахопнымі агрэгатамі, што дазволіла павялічыць вытворчасць работы, у параўнанні з іншымі трактарамі, у 2,5—3 разы.

Першы К-700 адправілі для абкаткі на палеткі. Выпрабаванні даказалі: “Кіраўцу” пад сілу самая цяжкая работа. У наступным, 1963 годзе абкатку прайшлі яшчэ сем машын — у Казахстане, Азербайджане і Растоўскай вобласці. Тады ж пачаўся і серыйны канвеерны выпуск К-700.

У той час аўтарытэтныя эксперты меркавалі, што К-700 на 25—30 год апярэдзіў сваіх канкурэнтаў і пераўзышоў замежныя аналагі. На Захадзе з гэтым не спорылі.

У 1968 годзе “Кіравец” атрымаў залаты медаль на выставе сельскагаспадарчай тэхнікі ў Заходняй Германіі. Праз год на выставе трактароў і сельгасмашын у Парыжы прызнаны самым магутным калёсным трактарам у свеце. Многія заходнія аграрыі пачалі яго купляць. Трактар экспартавалі ў 20 краін свету, больш усяго — у Венгрыю і ГДР.

Як і большасць савецкай тэхнікі перыяду “халоднай вайны”, К-700, у выпадку ваеннай пагрозы, павінен быў з мірнага працаўніка палёў ператварыцца ў “салдата”. Трактар тады планавалася выкарыстоўваць у якасці артылерыйскага цягача. Але, як нам вядома, пагроза так і засталася гіпатэтычнай, пагэтаму К-700 працягваў працаваць на палях краіны.

Надзейны і запатрабаваны

Кожны год Кіраўскі завод імкліва нарошчваў выпуск так неабходных сялу машын. У 1975 годзе з канвеера сходзіць 100-тысячны трактар К-700. У гэтым жа годзе пачаўся выпуск трактара К-701 з магутнасцю рухавіка 300 конскіх сіл. Праз дзесяць год за вароты завода выходзіць 300-тысячны “Кіравец”. А ў 1987 годзе Кіраўскі завод выпусціў рэкордную колькасць магутных трактароў — 23 тысячы. Гэты сусветны рэкорд не пераўзойдзены да цяперашняга часу. Па 20-30 год гэтыя “Кіраўцы” працавалі ў зерневых раёнах РСФСР, Казахстана, Украіны, на палях астатніх рэспублік СССР. Аграрыі на іх узорвалі, сеялі, збіралі ўраджай, круглы год вялі іншыя работы. Да пачатку 1990 года ленінградскія асілкі выконвалі да 40 працэнтаў сельгасработ у Савецкім Саюзе.

Але, на жаль, 1 лютага 2002 года Пецярбуржскі трактарны завод спыніў выпуск трактароў “Кіравец” К-700 і К-701. Кіраўніцтва завода тлумачыла гэта тым, што яны маральна састарэлі і іх кабіны не адпавядалі нормам бяспекі. І сапраўды, пры абварочванні трактара з-за неўмацаванай кабіны той, хто знаходзіцца ў ёй, амаль у ста працэнтах выпадкаў гіне. У сувязі са спыненнем выпуску К-700 і К-701 на іх узнік дэфіцыт. Некаторыя прадпрымальныя людзі на гэтай хвалі пачалі скупліваць старыя “Кіраўцы” і пасля рамонту іх прадаваць, як новыя.

У нашай краіне па-ранейшаму на палях сельгаспрадпрыемстваў яшчэ можна ўбачыць К-701. І хоць, як вядома, не вельмі іх любяць аграномы з-за таго, што трактар адзінаццацітоннай вагой моцна прасуе раллю, тым не менш, ён просты ў эксплуатацыі. У гаспадарках нашага раёна маецца 24 адзінкі “Кіраўцаў”. Большасці з іх — за 30 год. Але нягледзячы на гэта, не спяшаюцца інжынерныя службы сельгаспрадпрыемстваў спісваць ленінградскіх асілкаў і адпраўляць іх у металалом. Трактар ні ў чым не ўступае сучаснай энерганасычанай тэхніцы. А па некатоых параметрах нават пераўзыходзіць яе, застаецца нязменным памочнікам працаўнікоў сяла.

За прайшоўшыя гады было выпушчана 475 тысяч “Кіраўцаў” розных мадыфікацый. Канструктары завода і зараз не спыняюцца на дасягнутым. У цяперашні час тут правялі тэхнічнае пераўзбраенне і пачалі выпускаць “Кіраўцы” новага пакалення — магутныя К-744Р і К-9000. Гісторыя легендарнага трактара з дынастыі “Кіраўцаў” працягваецца.

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *