Выстава традыцыйных рамёстваў «З крыніц жыватворных» адкрылася ў раённым Цэнтры рамёстваў

Актуальное

IMG_8877 (Копировать)

11 лютага ў раённым Цэнтры рамёстваў адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы традыцыйных рамёстваў “З крыніц жыватворных”. На ёй былі прадстаўлены работы лепшых майстроў нашага рэгіёну : супрацоўнікаў раённага Цэнтра рамёстваў і Дома ганчара , а таксама вырабы аднаго з пераможцаў раённага этапа конкурсу “Новыя імёны Беларусі” Мікалая Грышчанкі.

Як адзначыла ў час свайго выступлення намеснік дырэктара раённага Цэнтра культуры Вікторыя Казіміраўна Дубоўская, задача, якую ставілі перад сабой арганізатары гэтай справаздачнай выставы, паказаць, што народныя традыцыі Шаркаўшчынскага краю не знікаюць, а жывуць і развіваюцца.  — Для гэтага раённы Цэнтр рамёстваў, як і Дом ганчара ў аграгарадку Германавічы збіраюць  вырабы народных умельцаў, што былі зроблены ў былыя часы, і аб’ядноўваюць таленавітых і творчых майстроў,  якія ствараюць свае ўнікальныя рэчы ў цяперашні час. Майстры новага пакалення з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі разнастайных выстаў, фестываляў, конкурсаў і кірмашоў, праводзяць заняткі і майстар-класы для моладзі. Рэзультаты іх творчай працы можна было ўбачыць і на выставе “З крыніц жыватворных”.

Супрацоўнікі раённага Цэнтра рамёстваў і Дома Ганчара ў мінулым годзе ў чарговы раз прадставілі свае вырабы ў Горадзе майстроў на фестывалі “Славянскі базар” у Віцебску.  А Ірына Груніна на абласным свяце народнай цацкі “Забава-2015” у намінацыі “Лялька з тэкстылю” заняла 2-е месца з 38 прадстаўленых у гэтай намінацыі работ. Як і на абласным конкурсе лапікавага шыцця, дзе ў намінацыі “Ласкутная пластыка” у яе таксама прызавое другое месца. Вялікая работа  майстрамі Шаркаўшчынскага раёна на працягу мінулага года была праведзена па стварэнні рэгіянальнага касцюма. Так на свяце народнага касцюма ў горадзе Сянно супрацоўнікі раённага Цэнтра рамёстваў заваявалі 3 месца, за якое ў якасці ўзнагароды  атрымалі швейную машыну.

На адкрыцці выставы Вікторыя Казіміраўна Дубоўская прадэманстравала работы нашых шаркаўшчынскіх майстроў – Ірыны Грунінай, Алы Нікіфараўны Леднік, Святланы Заіка, Яўгена Ананіча, Ганны і Сяргея Рымдзёнкаў,а таксама маладога мастака  Аляксея Краўчанкі, які спрабуе працаваць у стылі Язэпа Драздовіча і стварае прыгожыя дываны на палатне на чорным фоне. У кожнай рэчы, прадстаўленай гледачам, свая ўнікальная гісторыя, а кожны прадмет, які можна было ўбачыць на выставе, захоўвае цяпло рук свайго аўтара. Напэўна таму, работы шаркаўшчынскіх майстроў заўсёды прывабліваюць гасцей нашага краю, а самі аўтары дастойна прадстаўляюць Шаркаўшчынскі раён на абласных і рэспубліканскіх выставах.

З паспяховым адкрыццём справаздачнай выставы  усіх  яе ўдзельнікаў павіншавалі намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрый Анатольевіч Васілеўскі, а таксама выкладчык дзіцячай школы мастацтваў Віктар Фёдаравіч Крук. Завяршылася свята традыцыйных рамёстваў гумарыстычным тэатралізаваным прадстаўленнем, падрыхтаваным супрацоўнікамі Цэнтра рамёстваў і Дома ганчара.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.IMG_8850 (Копировать) IMG_8854 (Копировать) IMG_8855 (Копировать) IMG_8857 (Копировать) IMG_8858 (Копировать) IMG_8859 (Копировать) IMG_8870 (Копировать) IMG_8872 (Копировать) IMG_8886 (Копировать) IMG_8905 (Копировать) IMG_8908 (Копировать)



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *