Паважаныя жыхары аграгарадка Германавічы і госці свята!
Ад усёй душы віншуем вас са значнай і важнай падзеяй — 455-годдзем Германавічаў!
Германавічы — адзін з самых буйных населенных пунктаў нашага раёна, адсюль выйшла нямала працавітых, таленавітых людзей, якія шчыравалі і шчыруюць у розных галінах народнай гаспадаркі нашай краіны. Далёка за межамі раёна ведаюць гісторыка-краязнаўчы музей і экалагічны клас Германавіцкай сярэдняй школы, мастацка-этнаграфічны музей імя Язэпа Драздовіча, касцёл Перамянення Пана, палацава-паркавы комплекс Шырынаў…
У Германавічаў багатае мінулае, годная сучаснасць і, мы ўпэўнены, не менш слаўная будучыня. Вы, яго жыхары, штодзённай самаадданай працай запаўняеце новыя старонкі гісторыі сваёй малой радзімы: тут разрастаюцца і прыгажэюць вуліцы, будуюцца новыя дамы, функцыянуюць аб’екты сацыяльнай сферы. Дзякуючы рукам працавітых гаспадароў і шчырых гаспадынь квітнее аграгарадок.
Паважаныя сябры! Будучыня нашай малой радзімы залежыць, перш за ўсё, ад нас, ад нашай узаемапавагі, падтрымкі і жадання зрабіць яе больш утульнай і добраўпарадкаванай.
Жадаем, каб у вашых сэрцах ніколі не згасаў агонь, які дорыць радасць, надзею, веру ў лепшае. Няхай любыя цяжкасці, якія ўзнікаюць на шляху, будуць часовымі і вырашальнымі. Няхай аграгарадок Германавічы расце разам з дзецьмі, прыгажэе разам з моладдзю, багацее разам з яго жыхарамі.
Шчасця, моцнага здароўя, міру і дабрабыту ўсім!
Са святам!
Дзмітрый ЛАМАКА, Уладзімір ШПЕЦ,
старшыня Шаркаўшчынскага старшыня Шаркаўшчынскага
раённага выканаўчага камітэта. раённага Савета дэпутатаў.
***
Праграма свята, прысвечанага юбілею аграгарадка Германавічы і Язэпа Драздовіча
“Зямля бацькоўская, мая зямліца”
15 верасня
9.00 — гістарычны квэст “Таямніцы гісторыі нашай вёскі” (Германавіцкая СШ)
10.00 — конкурсная праграма “Я тут жыву, адсюль вытокі” (Германавіцкая бібліятэка)
11.00 — конкурс чытальнікаў вершаў “Вястун, паэт, мастацтва Бог”, конкурс малюнкаў “Ад Мнюты да Ауты” (мастацка-этнаграфічны музей імя Я. Драздовіча)
12.00 — святочная Імша ў касцёле Перамянення Пана
14.00 — работа пляцовак:
— выстава-продаж “Чым хата багата”;
— выстава беларускіх мастакоў “Нашы Германавічы”;
—рэтра-выстава “Погляд у мінулае”;
— выстава-продаж Дома ганчара і раённага цэнтра рамёстваў.
14.30 — адкрыццё святочнага мерапрыемства “Зямля бацькоўская, мая зямліца”
16.00 — флэш-моб “Мы разам!”
16.30 — канцэрт вакальнай групы ансамбля “Талака”
21.00 — дыскатэка і феерверк.
***
Вёска Германавічы, а з нядаўняга часу — аграгарадок, адзначае 15 верасня слаўную гістарычную дату — 455 гадоў са дня свайго першага афіцыйнага ўпамінання. А 130 год таму нарадзіўся на свет знакаміты беларускі мастак, графік, скульптар, пісьменнік фалькларыст, этнограф і археолаг Язэп Драздовіч, якога ў наш час называюць беларускім Леанарда да Вінчы. У Германавічах і бліжэйшым наваколлі ён жыў і ствараў свае лепшыя творы. У 2016 годзе Германавіцкі музей культуры і быту быў перайменаваны ва ўстанову культуры “Мастацка-этнаграфічны музей імя Я. Н. Драздовіча”.
Вёска Германавічы вядзе адлік сваіх гадоў ад першага яе ўпамінання ў 1563 годзе пад назвай Ерманавічы (мяркуецца, што назва паходзіць ад імя заснавальніка Ермана) як сяла Вялікага Княства Літоўскага на мяжы з Полацкім ваяводствам. У 1579 годзе вёска была адзначана на карце С. Пахалавецкага (ваеннага картографа караля Стэфана Баторыя). Першапачатковымі ўладальнікамі маёнтка Германавічы былі Сапегі, якія ў 1739 г. прадалі іх барону Экель фон Гільзену, а той, у сваю чаргу, у 1782 г. прадае іх свайму пратэжэ графу Ігнату Шырыну.
Германавічы Ігнат Зрыні-Шырын выбраў у якасці сваёй галоўнай сядзібы, дзе пабудаваў у канцы XVIII стагоддзя палац мураваны з цэглы, адзінаццацівосевы, двухпавярховы, закладены ў выглядзе прамавугольніка. Ён мае рысы сціплага будынку ў стылі класіцызму. У яго строга сіметрычным вонкавым фасадзе на крайніх восях выступаюць два невялікія рызаліты, звенчаныя гладкімі трохвугольнымі франтонамі.
Шмат чаго пабачылі на сваім вяку гэтыя магутныя сцены: у 1812 годзе, падчас Айчыннай вайны, пан Шырын у гэтым палацы даваў баль ў гонар Напалеона, які праз нашы мясціны рушыў на Полацк.
Зараз левае крыло пабудовы займае Германавіцкі дзяржаўны мастацка-этнаграфічны музей імя Язэпа Драздовіча.
У правым крыле палаца знаходзіцца дзіцячы садок.
Раней палац атачаў невялікі парк, рэшткі якога захаваліся да сённяшніх дзён. Ён быў размешчаны паміж ракой Дзісна і бягучай уздоўж яе дарогай, каля якой знаходзіўся сад.
Адкуль не пад’язджаеш да Германавіч, здалёк відаць помнік архітэктуры XVIII стагоддзя — касцёл Перамянення Пана, збудаваны пры фундацыі Ігната Шырына ў 1787 г. у стылі «віленскае барока”.
Сёння ён упрыгожвае наша мястэчка сваёй незвычайнай архітэктурай. Касцёл Перамянення Пана ў Германавічах дзейнічаў да 1948 года. Калі ксёндз Ян Грабоўскі быў арыштаваны, касцёл быў зачынены і прыстасаваны для іншых мэтаў. Вера людзей перамагла, і касцёл зноў быў адкрыты ў верасні 1988 года, а 31 кастрычніка — асвечаны ксяндзом Люцыянам Паўлікам. З 2011 года набажэнствы ў касцёле праводзіць ксёндз Ян Пугачоў.
У пачатку XX стагоддзя вёску закранулі падзеі савецка-польскай вайны 1919—1920 гадоў. Германавічы, якія сталі арэнай баявых дзеянняў, па некалькі разоў пераходзілі з адных рук у другія. Польскія салдаты, загінуўшыя ў Германавічах, пахаваны на каталіцкіх могілках.
У выніку контрнаступлення польскія войскі занялі значную частку Беларусі. 18 сакавіка 1921 года быў падпісаны мірны дагавор паміж Польшчай, Савецкай Расіяй і Украінай. Да Польшчы адышла заходняя тэрыторыя Беларусі. Вёска Германавічы таксама апынулася ў складзе Польшчы.
На пачатку XX стагоддзя на месцы сучасных Германавіч было 2 мястэчкі: Старыя і Новыя Германавічы. Старыя Германавічы ўваходзілі ў склад Стэфонпольскай воласці Дзісенскага павета, а Новыя — у склад Лужкаўскай воласці Дзісенскага павета.
Пасля далучэння да Польшчы мястэчкі былі аб’яднаны ў адно і сталі цэнтрам гміны. Менавіта ў гэты час у 1925 годзе казна адкупіла ў мясцовага пана Шырына за 35000 злотых яго палац для школы. Тут дзеці вучыліся да 1982 года, пакуль не быў узведзены новы сучасны будынак, які знаходзіцца побач са старым, на вуліцы Школьнай.
Непадалёк ад школы знаходзіцца сквер-мемарыял. Зенітка была ўстаноўлена ў 1989 годзе, у гонар воінаў 1406 зенітна-артылерыйскага палка, якія вызвалілі вёску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У школьным гісторыка-краязнаўчым музеі знаходзіцца пакой баявой славы гэтага палка.
1 ліпеня 1944 года ў 5 гадзін 30 хвілін камандзір палка Сазонаў Іван Аляксандравіч атрымаў па радыё загад: «Прыкрыць праходжанне часцей стралковага корпуса праз мост у мястэчку Германавічы ад уздзеяння авіяцыі праціўніка». Другая батарэя і зенкульрота пад агульным камандаваннем капітана Клюйко імкліва захапілі мост. Падаспеўшы 1406 ЗАП перабудаваўся ў баявы парадак. Па мосце пачаўся рух савецкіх войск. Першыя два нямецкія самалёты Ме -109 скінулі на мост дзве бомбы, але прамахнуліся. Хутка зенітчыкам прыйшлося зноў адбіваць атаку нямецкай авіяцыі. Дваццаць сем «Юнкерсаў» засцілі неба над Германавічамі, імкнучыся скінуць свой смертаносны груз на мост. Але гэта ім не ўдалося.
Шэсць нямецкіх самалётаў зенітчыкі збілі. Мост уцалеў. Полк панёс у гэтым баі вялікія страты. Адна з бомбаў папала ў штабную машыну. Былі забіты Клюйко, Авакумаў, Земскіх, Шырокаў. Ратуючы сцяг палка загінуў парторг, старшы лейтэнант Дзерабін. Сёння вуліцы Германавіч носяць імёны вызваліцеляў. Яны загінулі, каб нашчадкі жылі пад мірным небам.
У пасляваенны час разбураная вёска была адбудавана і сёння яна ўяўляе сабой сучасны населены пункт з развітай інфраструктурай. Да паслуг сяльчан і турыстаў магазіны, бібліятэка, цэнтр культуры і народнай творчасці, пошта, амбулаторыя. Маюцца тры музеі: мастацка-этнаграфічны музей імя Язэпа Драздовіча, прыватны музей літаратуры і мастацтва імя Міхася Райчонка і школьны гісторыка-краязнаўчы музей.
Аграгарадок Германавічы — цэнтральная сядзіба адкрытага акцыянернага таварыства “Княж”, якое спецыялізуецца на вытворчасці зерневых і мяса-малочнай прадукцыі. Тут жывуць працавітыя і старанныя людзі. Са святам вас, жыхары аграгарадка!
Гістарычныя звесткі прадастаўлены рэдакцыі раённай газеты Інай Сямёнаўнай Пучынскай, кіраўніком гуртка “Юны экскурсавод” Германавіцкай сярэдняй школы.
Падрыхтавала Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.