На старонках раённай газеты “Кліч Радзімы” ўжо неаднаразова друкаваліся матэрыялы аб правядзенні ў раёне Дня прызыўніка – свята, падчас якога ва ўрачыстай атмасферы маладым жыхарам раёна ўручаліся павесткі для праходждання тэрміновай армейскай службы ў радах Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. А ўсё ж якія яны – нашы абаронцы Айчыны, яшчэ зусім маладыя хлопцы, што з годнасцю выконваюць свой воінскі абавязак і якімі зараз вельмі ганарацца бацькі і ўсе родныя? Адзін з такіх маладых людзей і стаў героем нашага сённяшняга матэрыялу. Гэта наш зямляк,шаркаўчанін Андрэй Каштальян, які з лістапада мінулага года праходзіць службу ў 103 асобнай гвардзейскай мабільнай брыгадзе горада Віцебск.
Андрэй – з ліку тых маладых людзей, хто паспяхова сумяшчае спорт і вучобу і лічыць, што адукацыя – неад’емная частка гарманічнага развіцця кожнага чалавека. У мінулым годзе ён паспяхова закончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт і атрымаў дыпломы аб вышэйшай адукацыі адразу па двух спецыяльнасцях: тэхналогія машынабудавання – інжынер, а таксама эканаміст-менеджэр. Акрамя гэтага, наш зямляк – кандыдат у майстры спорту па гіраваму спорту, яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце ён неаднаразова прымаў удзел у многіх рэспубліканскіх спаборніцтвах і чэмпіянатах. І, трэба адзначыць,прафесійная спартыўная падрыхтоўка вельмі спатрэбілася ў час праходжання тэрміновай службы ў арміі. Адно з апошніх дасягненняў маладога чалавека – 3 месца на чэмпіянаце Сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл па гіраваму спорту ў вагавай катэгорыі да 80 кілаграм, які гэтай зімой праходзіў у Віцебску. Як прызёр чэмпіянату, Андрэй Каштальян узнагароджаны медалём і граматай, а ў якасці заахвочвання атрымаў звальненне дадому на 3 сутак. Для салдата – гэта лепшая ўзнагарода. Жадаем гэтаму маладаму чалавеку , як і ўсім, хто зараз праходзіць тэрміновую армейскую службу, шчасця ў жыцці, поспехаў і новых дасягненняў.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
