З 13 верасня па 6 кастрычніка праходзіў адкрыты чэмпіянат Шаркаўшчынскага раёна па тэхніцы воднага турызму

Спорт

удзельнікі спаборніцтваў пасля ўзнагароджання

Спаборнічалі на пляжы па вуліцы Вадап’янава, на штучным вадаёме насупраць ракі. Ацэньвалася майстэрства ўдзельнікаў манеўраваць і пераадольваць усталяваныя на вадзе перашкоды, на байдарках, таксама вызначылі самых хуткіх весляроў. У камандным (заўважым, што дазвалялася запрашаць у каманды удзельнікаў іншых калектываў) заліку месцы размеркаваліся наступным чынам: ААТ «Даватарскі» — 6-е, ДБУ-26 — 5-е, ААТ «Княж» — 4-е, ЦРБ — 3-е, ПМК-68 — 2-е, ну а кубак пераможцаў атрымалі прадстаўнікі РАУС. У асабістым заліку у мужчын трэцім стаў Алег Рымдзёнак (ЦРБ), другім — Юрый Казарын (РАУС), першым — Іван Накоўнікаў (ДБУ-26). Найлепшую тэхніку воднага турызму ў жанчын прадэманстравала Таццяна Сямёнава (ЦРБ), на другім месцы Анна Новікава, якая прадстаўляла РАУС, на трэцім — Вераніка Маляўка (ПМК-68). Узнагароды ўручаліся 12 кастрычніка, на пляжы было даволі

старшыня раённага ФСК Уладзімір Рафаловіч уручае прадстаўніцу ЦРБ Таццяну Сямёнава, якая заняла першае месца сярод жанчын

холадна, тут не тое што ў вадзе,але і апранутага ў куртку на сцюдзёным ветры білі дрыжыкі. На тое, што водныя спаборніцтвы праводзіліся ў восеньскі час, былі аб’ектыўныя прычыны, але ўсё адно да ўдзельнікаў узнікла натуральнае пытанне: ці не было ім халодна плаваць.
— Не, — як сапраўдныя загартаваныя спартсмены, якім не страшныя ніякія выпрабаванні, мужна адказалі яны. — Па-першае, у час спаборніцтваў яшчэ было даволі цёплае надвор’е, а па-другое, значна падаграваў спартыўны азарт.
Варта сказаць, што правядзенне гэтых спаборніцтваў стало адным з першых для Уладзіміра Рафаловіча, які толькі нядаўна пачаў працаваць на пасадзе старшыні раённага фізкультурна-спартыўнага клуба.
— Асноўнай мэтай спартыўнага мерапрыемства  была арганізацыя разумнага і цікавага адпачынку, — сказаў ён. — Дзякуй удзельнікам, за тое, што праявілі сапраўдны спартыўны дух. Абавязкова такія спаборніцтвы пройдуць і ў наступным годзе. Толькі абавязкова час для іх правядзення будзе абраны больш цёплы і спрыяльны.
Андрэй БУРЭЦ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *