Шаркаўшчынская ДЮСШ атрымала новую яму для скачкоў у вышыню

Спорт

першыя скачкі юных спартсменаў

Сур’ёзныя заняткі спортам патрабаюць адпаведнай матэрыяльна-тэхнічнай базы: абсталявання, экіпіроўкі і іншага. Без гэтага будучых чэмпіёнаў не вырасціш. Каштуе ўсё гэта, канечне, не танна. І таму асабліва прыемна, калі з’яўляецца магчымасць набыць той ці іншы інвентар. Пра такую прыемную падзею ў наступным матэрыяле.
Справа ў тым, што Шаркаўшчынская ДЮСШ атрымала новую яму для скачкоў у вышыню. Напрыканцы лістапада ў спартыўнай зале Шаркаўшчынскай СШ №1 адбылася прэзентацыя новага інвентару.

новая яма для прыжкоў: памер 3 на 4, хутка збіраецца і разбірацца

— Скачкі ў вышыню адна з самых складаных тэхнічных дысцыплін лёгкай атлетыкі, — паведаміла прысутным дырэктар ДЮСШ Наталля Арэшкава. — У свой час у нас былі спартсмены вядомыя не толькі ў раёне: першы дарослы разрад выканалі Наталля Іванічкіна, Валерый Хаданёнак, Сяргей Арэшкаў, Святлана Мацук, Святлана Кожух, Канстанцін Рылаў, Грыгорый Трафімаў, разрад «Кандыдат у майстры спорту» — Наталля Толкун, Дзмітрый Міхалёнак, Андрэй Ардынскі, Уладзімір Пармон, разрад «Майстар спорту» — Андрэй Каланда.  На жаль, у сувязі з пэўнымі фінансавымі і тэхнічнымі пытаннямі развіццё гэтай дысцыпліны ў нас было страчана. А цяпер, дзякуючы садзейнічанню галоўнага трэнера па лёгкай атлетыцы Віцебскай вобласці Ігара Аляксандравіча Галаўнёва, старшыні Нацыянальнага алімпійскага камітэта па Віцебскай вобласці Віктара Уладзіміравіча Бынькова, матэрыяльнай падтрымцы старшыні кампаніі «Белтэлекам» па Віцебскай вобласці Аляксандра Іванавіча Бохана, патрэбны інвентар набыты. І можна з упэўненасцю казаць, што нашы выхаванцы зноў пачнуць займаць прызавыя месцы ў скачках у вышыню на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Тым болей, што трэнеры, якія могуць кваліфікавана рыхтаваць дзяцей у дадзенай дысцыпліне, у нас ёсць.

сімвалічную чырвоную стужку перарэзалі дырэктар СШ №1 Марына Аляксандраўна Зайцава і намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Аляксандравіч Цітовіч

Ганаровая місія разрэзаць чырвоную стужку і тым самым даць магчымасць дзецям распачаць трэніроўку была прадастаўлена намесніку старшыні райвыканкама Аляксандру Аляксандравічу Цітовічу.
— Вам пашчасціла, — звярнуўся ён да юных выхаванцаў ДЮСШ, — для вас набыта новае абсталяванне. Адносьцеся да яго з беражлівасцю, трэніруйцеся і дасягайце спартыўных поспехаў.

Андрэй БУРЭЦ, фота Марыны ЖАКАЎКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *