Пра асаблівасці сёлетняй вакцынацыі ў нашым раёне расказала намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Марына Вашкель

Актуальное

Традыцыйна самы «грыпозны час» для беларусаў — другая палова зімы. Аднак бывае, што ён надыходзіць і раней, таму самы час рабіць прышчэпкі ад грыпу. Не пашкодзіць ведаць, што для фарміравання поствакцынальнага імунітэту патрабуецца пэўны час. Аб асаблівасцях сёлетняй вакцынацыі ў нашым раёне мы папрасілі расказаць намесніка галоўнага ўрача ЦРБ Марыну Мікалаеўну Вашкель.

— У раёне вакцынацыя супраць грыпу пачалася ў кастрычніку. Для яе правядзення выкарыстоўваюцца вакцына «Флюваксін» кітайскай вытворчасці і расійская «Грыпол». «Флюваксін» фарміруе спецыфічную ўстойлівасць да вірусаў грыпу ў 80-95 працэнтаў прышчэпленых. Антыцелы выпрацоўваюцца праз 10-15 дзён і захоўваюцца не менш за год. Ахоўны эфект «Грыполу» наступае праз 8-12 дзён і захоўваецца да 12-ці месяцаў. У першыую чаргу імунізацыі падлягаюць людзі, якія маюць высокую рызыку развіцця паслягрыпозных ускладненняў — пакутуюць хранічнымі саматычнымі захворваннямі, часта хварэюць ВРІ, а таксама асобы, якія па роду сваёй дзейнасці маюць шырокія грамадскія кантакты  (медыцынскі персанал, настаўнікі, работнікі сферы абслугоўвання, транспарта, міліцыі, ваеннаслужачыя). Сёлета, як і кожны год, вакцынацыя будзе праводзіцца сярод выхаванцаў дашкольных устаноў і школьнікаў.

За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту плануецца зрабіць прышчэпкі дзецям ва ўзросце ад 6-ці месяцаў да 3-х гадоў (416 малышоў), дзецям ад 3-х гадоў і дзецям з хранічнымі захворваннямі (110 дзяцей), а таксама дзецям, якія знаходзяцца ва ўстановах з кругласутачным прабываннем (10). За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту будуць зроблены прышчэпкі і дарослым. У гэту катэгорыю трапляюць людзі з хранічнымі захворваннямі — 320 чалавек, асобы ва ўзросце старэй за 65 гадоў — 215, цяжарныя жанчыны —10, медыцынскія работнікі — 275, асобы з устаноў кругласутачнага прабывання — 176 чалавек. Усяго такім чынам прышчэпкі атрымаюць 536 дзяцей і 996 дарослых.

За кошт сродкаў мясцовага бюджэту плануецца зрабіць прышчэпкі 2732 жыхарам раёна. За сродкі арганізацый вакцыны атрымаюць 1600 чалавек. Усяго вакцынацыяй у раёне плануецца ахапіць 33,5 працэнта насельніцтва.

Зрабіць прышчэпку можна і на плтнай аснове. Для гэтага выкарыстоўваецца вакцына «Флюваксін». Звяртацца трэба ў раённую паліклініку (кабінет №39, 3-ці паверх, з 8.00 да 17.00), а таксама на ФАПы, у Лужкаўскую і Германавіцкую ўрачэбныя амбулаторыі.

Супрацьпаказанні да прымянення процігрыпозных прышчэпак: алергічныя рэакцыі на курыны бялок, захворванні, якія суправаджаюцца павышэннем тэмпературы цела, абвастрэнні хранічных захворванняў.

Падрыхтавала Людміла ЛАТЫШОНАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *