
У сучасным свеце чалавек не можа ўявіць жыцця без аўтамабіля, пра гэта сведчыць і значнае павелічэнне транспартных сродкаў на нашых дарогах. Але і паслугі грамадскага транспарту не становяцца менш запатрабаванымі. Напярэдадні прафесійнага свята, Дня аўтамабіліста і дарожніка, карэспандэнт раённай газеты пабываў у Шаркаўшчынскім філіяле адкрытага акцыянернага таварыства АТП № 16 г. Глыбокае. Пра арганізацыю работы грамадскага транспарту на тэрыторыі раёна расказаў начальнік філіяла Аляксей Іосіфавіч Васілёнак.
— Да паслуг нашых пасажыраў распрацаваны 21 маршрут, сярод якіх 17 прыгарадных, 2 міжгародніх і 2 гарадскіх. Штодзённа адпраўляецца аўтобус у Віцебск, 4 разы на тыдзень — у Полацк. Аўтапарк ажыццяўляе як пасажырскія, так і грузаперавозкі. На перавозцы грузаў задзейнічаны 4 самазвалы. Нашымі пастаяннымі заказчыкамі з’яўляюцца ДБУ-26, ДРБУ-131, КАСЗ, некаторыя іншыя арганізацыі райцэнтра. 19 аўтобусаў штодзень адпраўляюцца па ўказаных маршрутах. Працоўны калектыў аўтапарка налічвае 40 чалавек, 23 з іх — вадзіцелі. Асаблівых слоў удзячнасці напярэдадні прафесійнага свята заслугоўваюць самыя вопытныя працаўнікі, якія не адзін дзясятак гадоў правялі за баранкай аўтобуса ці грузавой машыны. Гэта Аляксандр Георгіевіч Бука, Міхаіл Іванавіч Кабак, Аляксандр Уладзіміравіч Вашыткевіч, Міхаіл Юльянавіч Самуль, Валянцін Канстанцінавіч Кабяк. Папаўняецца калектыў і новымі кадрамі. З адказнасцю і стараннем падыходзяць да выканання сваіх прафесійных абавязкаў нашы маладыя вадзіцелі Мікалай Мікалаевіч Ліманоўскі і Юрый Браніслававіч Анецька. Самых лепшых слоў у свой адрас заслугоўвае токар і электразваршчык нашага філіяла Сяргей Мікалаевіч Ярмоленка. Разам з вадзіцелямі гэты чалавек займаецца рамонтам аўтобусаў, задзейнічаны на абслугоўванні транспартных сродкаў.
Карыстаючыся выпадкам, сустрэліся з людзьмі, якімі ганарыцца філіял аўтапарка, заслужанымі і найбольш вопытнымі работнікамі. Гэта Аляксандр Уладзіміравіч Вашыткевіч, які на працягу 21 года працуе вадзіцелем аўтобуса, а пачынаў свой працоўны стаж на грузавых машынах. Значны адрэзак жыцця на дарогах нашага раёна (і не толькі) правёў Міхаіл Юльянавіч Самуль — ён таксама вадзіцель аўтобуса. А Аляксандр Георгіевіч Бука — самы вопытны шафёр філіяла аўтапарка, які займаецца перавозкай грузаў. Пра асаблівасці сваёй няпростай прафесіі многае можа расказаць і Валянцін Канстанцінавіч Кабяк — вадзіцель аўтобуса з 18 гадовым стажам.Усведамляючы адказнасць за жыццё пасажыраў, гэтыя сціплыя людзі дзень за днём добрасумленна выконваюць сваю справу, адмяраючы кіламетры дарог і не звяртаючы ўвагі на капрызы надвор’я.
Вольга СТАШЭЎСКАЯ
