
Не радуе цяплом сёлетняя вясна. Нізкая тэмпература паветра, дажджы і халодны вецер — не характэрныя для другой паловы красавіка. Асабліва адмоўна гэта адбіваецца на рабоце аграрыяў, якім такое надвор’е вельмі замаруджвае ход пасяўной кампаніі.
Па стане на 21 красавіка яравыя зерневыя ў раёне пасеяны на плошчы 2439 га. У такіх гаспадарках як КУВСП “Гарадзец” і ААТ “Жвіранка”, дзе большасць глебы складаюць пяскі, адносна большыя ў параўнанні з астатнімі сельгаспрадпрыемствамі плошчы падрыхтаваныя да сяўбы і ўжо засеяныя. А вось, напрыклад, у КУВСП імя Маркава на сугліністых землях вельмі марудна падсыхае глеба. Тэхніка нават на спараных колах цяпер не можа рухацца з навясным абсталяваннем па полі з-за моцнай яго пераўвільготненасці.
— Тэрміны сяўбы цяпер самыя аптымальныя, — кажа галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Юрый Лазарэц. — Але, на жаль, нашу працу стрымлівае непагадзь. Толькі выбарачнымі месцамі механізатары на трактарах пачалі весці ўзорванне, культывацыю зябліва. Але як толькі пройдзе дождж, тэхніка вымушана прастойваць, і мы губляем каштоўны час.
Яравы клін па гаспадарцы павінен сёлета скласці 1.707 га, з іх зерневых — 1.006 га. Нам трэба пасеяць 433 га ячменю, 270 — яравой пшаніцы, 300 — рапсу, 200 — кукурузы, 100 — аўсу, 203 гектары займуць зернебабовыя, 200 га — аднагадовыя травы.
Восенню на плошчы 727 га узнялі зябліва, але дадаткова веснавое ўзорванне яшчэ трэба правесці на 980 гектарах. Аб’ёмы, самі разумееце, вялікія. Тэхніка ў сельгаспрадпрыемстве на хаду, па магчымасці своечасова праводзім яе рамонт. Гаручазмазачныя матэрыялы таксама маюцца ў наяўнасці. І самае галоўнае, што людзі таксама гатовыя шчыра працаваць, каб своечасова правесці пасяўную і атрымаць грашовы заробак. Але дрэннае надвор’е ўносіць свае карэктывы.
На 21 красавіка ў КУВСП імя Маркава было пасеяна 65 га зерневых і зернебабовых. Будзем спадзявацца, што ў хуткім часе непагадзь зменіцца на сапраўднае цёплае вясенняе надвор’е, якое дазволіць шаркаўшчынскім аграрыям шырокім фронтам распачаць палявыя работы.
Сяргей РАЙЧОНАК.
