Імгненні казачнага настрою для маленькіх выхаванцаў Гарадзецкага дзіцячага садка

Актуальное

удзельнікі мерапрыемства і маленькія гледачы
удзельнікі мерапрыемства і маленькія гледачы

У наш хуткі, мітуслівы час за штодзённымі справамі і праблемамі   мы развучыліся здзіўляцца цудам. Нам, дарослым, даводзіцца толькі шкадаваць, што не можам зноў трапіць у дзівосны і  прывабны казачны свет. І толькі маленькія дзеці вераць у цуды і ўмеюць здзіўляцца ім.

Яшчэ раз дакрануліся да казачнага хараства і падарылі ўсім жадаючым  непаўторныя імгненні дабрыні супрацоўнікі Лужкаўскіх бібліятэкі і сельскага Дома культуры, падрыхтаваўшы для выхаванцаў Гарадзецкага дзіцячага сада тэатралізаваную праграму “Ну-ка, книжка, повернись, ну-ка, сказка, покажись”.

А пачалося ўсё з таго, што Сарока на хвасце прынесла непрыемную навіну: нехта зачараваў у казачнай краіне ўсе казкі і пераблытаў іх герояў. Гэта была справа рук злой Бабы Ягі. Калі бібліятэкары  разам з дзецьмі пачалі чытаць свае любімыя казкі, то атрымаўся сапраўдны кавардак: карэта Папялушкі ператварылася ў рэпку, Калабка з’елі Дзед з Бабай, а Чырвоная Шапачка несла піражкі Зайцу і Ваўку. І вось для таго, каб усё стала на свае месцы, удзельнікам мерапрыемства спачатку трэба было адгадаць казачныя загадкі, якія хітрая ліхадзейка для іх падрыхтавала. Дзеці паспяхова справіліся з гэтым выпрабаваннем, на што Баба Яга ніяк не спадзявалася. Здзівіўшыся знаходлівасці і кемлівасці маленькіх  гледачоў, яна вырашыла адправіць іх у падарожжа па казачнай краіне, дзе перад гэтым уручыла бібліятэкару чароўны канверт з заданнямі. Разам з Лісой, Дзедам і Бабай, Папялушкай і Чырвонай Шапачкай  дзеці пабывалі ў казках “Калабок”, “Рэпка”, “Папялушка”, “Чырвоная Шапачка” і знялі з герояў чары. Вясёлыя танцы і песні, рухавыя гульні і спаборніцтвы, а таксама сяброўства, уважлівасць і спрыт перамаглі злыя чары, бо ўсё лепшае нікуды не знікае, а застаецца, як дзіўны сон, надоўга з намі.

Казкі зноў могуць падарожнічаць па свеце, прыносіць радасць і дабро, хвіліны чароўных пераўвасабленняў, дарыць прыемны настрой дзецям і дарослым.

Л. ГУГАЛІНСКАЯ,

бібліятэкар Лужкаўскай бібліятэкі



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *