Вось такой велічыні! выраслі гарбузы на гародзе Вольгі Усцінавай з вёскі Запруддзе

Актуальное

Радуе сёлетняя восень сельскага працаўніка. Вяскоўцы накапалі многа і вялікай бульбы, рознай гародніны — нават не спадзяваліся на такія багатыя ўраджаі. Праўда, толькі вось сад не ўсіх парадаваў. Яблыкаў нарасло толькі ў асобных гаспадароў.
А агарод Вольгі Сямёнаўны і Мікалая Мікалаевіча Усцінавых быў як усыпаны гарбузамі, ды такімі, што адзін з іх мужчыны ўтраіх ледзь паднялі. А колькі меншых было — не злічыць! Вось, дзе будзе смачная страва для хатняй жывёлы. А трымаюць яны на сваім падворку дзвюх кароў, некалькі свіней і да 50 курэй. Каб накарміць такі статак, трэба шмат працаваць. Усцінавы апрацоўваюць зямлю каля хаты (жывуць яны ў вёсцы Запруддзе) і маюць дадатковыя соткі ў полі. А вось гэтыя вялізныя гарбузы выраслі ў агародчыку. Вольга Сямёнаўна расказала сакрэт іх вырошчвання:
— Гарбузы вельмі любяць арганічнае ўгнаенне. Я імкнуся пакласці пад

з выраслых гарбузоў можна было скласці вось такую "гарбузовую бабу"

адну раслінку амаль вядро перапрэлай арганікі. Цяпло таксама культуры патрэбна. Тут жа вакол лес, зацішна. Вось і раслі, як кажуць, на лес гледзячы.
Мы ведаем, што Вольга Сямёнаўна добрая кулінарка. Таму грэх было не спытаць пра выкарыстанне гарбузоў у хатніх стравах.
— Гатую звычайную гарбузянку. Тут новага нічога няма. А вось сок вельмі смачны атрымліваецца, калі змяшаць яго з яблычным або журавінным. Затое семечак хопіць на ўвесь год. Сушым іх і — у кішэнь! Каштоўней любой жвачкі.
Застаецца сказаць, што Вольга Сямёнаўна працуе на працягу 10 гадоў загадчыцай фермы Каўшэлева ААТ “Жвіранка”. Сама яна па адукацыі аграном і працавала ў гаспадарцы па спецыяльнасці. Але так склаліся абставіны, што давялося памяняць прафесію.
Мікалай Мікалаевіч — перадавы механізатар гаспадаркі. Два сыны іх, Андрэй і Аляксандр, як кажуць, ужо на сваім хлебе.
Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *